„Дынама” Берасце згуляе з „Астаной”
Прайшло лёсаванне першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Берасцейскае «Дынама» сустрэнецца з казахстанскай «Астаной». Матч пройдзе ў Берасці 18 ці 19 жніўня.
Калі спатрэбіцца, будзе праводзіцца дадатковы час і серыя 11-метровых. Пераможца выйдзе ў другі адборачны раўнд Лігі чэмпіёнаў УЕФА, а каманда, якая прайграе, трапіць у другі адборачны раўнд Лігі Еўропы.
Матч Суперкубка Польшчы адменены з-за каронавіруса
Матч за Суперкубак Польшчы па футболе паміж чэмпіёнам краіны «Легіяй» і «Краковіяй», якая з’яўляецца ўладальнікам нацыянальнага кубка, быў адменены з-за каронавіруса. «Гэта рашэнне накіравана на мінімізацыю рызыкі распаўсюду віруса ў клубах, якія ўдзельнічаюць у еўракубках, а таксама ў інтарэсах чэмпіянату Польшчы», – паведамляе афіцыйны сайт Польскага футбольнага саюза. Сустрэча павінна была прайсці 9 жніўня. Правядзенню матчу перашкодзіла тое, што ў аднаго з супрацоўнікаў «Легіі» быў знойдзены каронавірус. Чэмпіянат Польшчы стартуе 21 жніўня.
Аляксандра Сасновіч саступіла Алене-Габрыэле Русе на турніры ў Празе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч у матчы другога раўнда кваліфікацыі турніру ў Празе саступіла 177-й ракетцы планеты Алене-Габрыэле Русе з Румыніі – 7:6, 4:6, 6:7. Перад пражскім турнірам Аляксандра дайшла да стадыі чвэрцьфіналу на турніры ў Палерма.
У канцы чэрвеня Аляксандра выйграла адкрыты чэмпіянат Беларусі.
Аляксандр Кітараў заключыў пробны кантракт з Куньлунь
Беларускі форвард Аляксандр Кітараў заключыў пробны кантракт з «Куньлунь», інфармуе афіцыйны сайт КХЛ. У мінулым сезоне 33-гадовы гулец прыняў удзел у 59 матчах менскага «Дынама», у якіх адзначыўся 3 закінутымі шайбамі, столькі ж на яго рахунку галявых перадач. Усяго ў складзе «зуброў» нападнік правёў восем сезонаў. У КХЛ Кітараў таксама выступаў за Нафтахімік. Усяго ў лізе на рахунку форварда 450 паядынкаў і 82 (33 + 49) ачкі пры паказчыку карыснасці «-52». У новым сезоне «Куньлунь» будзе грунтавацца ў Мыцішчах. Галоўным трэнерам каманды прызначаны Аляксей Кавалёў, які плануе рабіць стаўку на рускамоўных гульцоў.
Аляксандр Жыдкіх стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі Кубка Беларусі
Форвард Шахцёра Аляксандр Жыдкіх адзначыўся 5 галявымі перадачымі ў двух матчах Кубка Салея-2020. Ён узначальвае спіс бамбардзіраў разам з гульцом «Дынама-Маладзечна» Мікітам Пышкайла, які таксама набраў 5 (1 + 4) балаў у двух стартавых сустрэчах. Такім чынам, Жыдкіх стаў лепшым бамбардзірам Кубка Беларусі, апярэдзіўшы Вячаслава Лісічкіна. Усяго на рахунку навапалачаніна цяпер 81 (24 + 57) бал у 113 матчах.
Ферстапен стаў пераможцам Гран-пры 70-годдзя Формулы 1
Гоншчык каманды Рэд Бул Макс Ферстапен стаў пераможцам Гран-пры 70-годдзя Формулы-1. У бягучым сезоне нідэрландскі пілот упершыню перамог ў Гран-пры. На мінулых этапах Формулы 1 у Вялікабрытаніі і Штырыі Ферстапен фінішаваў другім. Другое і трэцяе месцы Гран-пры 70-годдзя Формулы 1 занялі прадстаўнікі Мэрсэдэс – Льюіс Хэмілтан і Валтэры Ботас. Хэмілтан за восем колаў да фінішу займаў чацвёртае месца, але ў фінале здолеў вырвацца на другое месца. Наступны этап Формулы 1 пройдзе 16 жніўня ў іспанскай Манмела.
Беларускае Радыё Рацыя