„Дынама-Брэст” – БАТЭ: квіткі разляцеліся за пяць гадзін
25 верасня адбудзецца перанесены матч 18-га тура чэмпіянату Беларусі „Дынама-Брэст” – БАТЭ. За пяць гадзін усе квіткі на матч прададзеныя! Сустрэча пройдзе на ОСК „Брэсцкі”. Пачатак – у 20.45. „Дынама” з 51 ачком пасля 20 гульняў узначальвае турнірную табліцу, у БАТЭ і „Шахцёра” па 46 балаў пасля 19 сустрэч. Стадыён у Берасці месціць 10 169 чалавек.
Названы склад зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы на ЧС у Катары
Трэнерскі штаб зборнай Беларусі на чале з Юрыем Маісевічам вызначыўся з выязным складам на сусветны форум па лёгкай атлетыцы, які з 27 верасня па 6 кастрычніка будзе прымаць Катар. У спіс увайшлі 28 спартоўцаў, сярод якіх – лідары зборнай: Таццяна Халадовіч (кіданне дзіды), Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню), Ірына Жук (скачкі з шастом), Эльвіра Герман (100 м з бар’ерамі) і Анастасія Мірончык-Іванова (скачкі у даўжыню). Як адзначылі ў прэс-службе НАК, у каманду не трапіла рэкардсменка Беларусі на 100 м з бар’ерамі Аліна Талай, якая раней абвясціла, што прапусціць галоўны старт сезона ў Досе з-за траўмы.
Тром беларускам не ўдалося выйсці ў паўфінал ЧС па барацьбе і гарантаваць сабе алімпійскія ліцэнзіі
У другі дзень чэмпіянату свету па жаночай барацьбе, які праходзіць у Нур-Султане, беларускам Ірыне Курачкінай (57 кг), Кацярыне Ганчар-Янушкевіч (59 кг) і Васілісе Марзалюк (76 кг) не ўдалося трапіць у паўфінал і гарантаваць сабе алімпійскія ліцэнзіі. Ірына Курачкіна (57 кг), пасля перамогі на старце турніру, прайграла кітаянцы Нінін Рон – 1:4. Далейшы турнірны лёс бабруйчанкі будзе залежыць ад таго, ці зможа прадстаўніца Паднябеснай выйграць у паўфінале ў полькі Явіты Вжэсень. Адзіная прадстаўніца Беларусі ў неалімпійскіх вагавых катэгорыях Кацярына Ганчар (59 кг), прайграўшы Пуджы Дханзэ з Індыі, захоўвае шанцы пазмагацца за бронзу ў выпадку, калі яе крыўдзіліца ў паўфінале выйграе ў расейкі Любові Аўчаровай.
Беларускі баец MMА Руслан Калодка зламаў руку па ходзе паядынку, але давёў справу да перамогі
Беларусы Руслан Калодка і Андрэй Адзінцоў выйгралі два баі на турніры па ММА ў Кітаі. Беларускія байцы прынялі ўдзел у турніры па змешаных адзінаборствах кітайскай арганізацыі Wu Lin Feng. Супернікамі былі мясцовыя спартоўцы: Руслан змагаўся з Шун Йонгам, які ўсе шэсць сваіх прафесійных перамог атрымаў накаўтамі, Андрэй – з Танчжао Ванам. Калодка і Адзінцоў перамаглі па выніках трох раўндаў аднагалосным рашэннем суддзяў. Асабліва характэрнай выйшла перамога Руслана. Яму давялося дзьве траціны паядынку біцца з пераломам рукі, атрыманым ужо па ходзе боя. Але беларус выстаяў і запісаў у свой актыў адзінаццатую прафесійную перамогу.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота dynamo-brest.by