«Дынама-Брэст» перамагло «Тарпеда-БЕЛАЗ»



У чарговым туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе берасцейскае «Дынама» ў гасцях перамагло каманду «Тарпеда-БЕЛАЗ» з Жодзіна. Канчатковы лік 0:2 на карысць берасцейцаў.

Па ачках «дынамаўцы» зраўняліся з «аўтазаводцамі» і на дадзены момант займаюць 3 месца ў турнірнай табліцы. Пасунуць іх на чацвёрты радок можа толькі «Энергетык-БДУ», які мае матч у запасе. Вынікі ж матчу з «Тарпеда» пракаментаваў галоўны трэнер берасцейцаў Сяргей Кавальчук:

– У канцоўцы, думаю, што ў большай ступені мы самі вінаватыя, робім плюс-мінус свежыя памылкі, не робім высновы. Адзінае, што мяне расчаравала ў гульні, гэта, трымаючы гульню пад кантролем, – выдаленне. Потым непрыемныя моманты, але каментаваць іх не буду. Поўнасцю віна на нас. Гэта была вельмі важная гульня, стратэгічна і маральна.

Галамі ў браму жодзінцаў адзначыліся берасцейскія нападаючы Дзяніс Лапцеў і паўабаронца Сяргей Кісляк. Наступны матч «Дынама-Брэст» згуляе дома з футбольным клубам «Гарадзея».

Беларускае Радыё Рацыя

Фото: vk.com/dynamobrest