„Дынама-Брэст” згуляе з „Сараева” пры пустых трыбунах



Праз некалькі гадзін на абласным спартыўным комплексе „Брэсцкі” пачнецца сустрэча паміж футбольнымі клубамі „Дынама-Брэст” і „Сараева”.

Гульцы ФК „Сараева” праводзяць вечаровую трэніроўку на стадыёне АСК „Брэсцкі” напярэдадні матча.

Беларусы і баснійцы будуць змагацца між сабой у другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў UEFA. Кажа галоўны трэнер берасцейцаў Сяргей Кавальчук:

– Мы з нецярпеннем чакаем паядынку, паглядзелі каманду супернікаў, кваліфікаваная каманда, дастаткова добрая сумесь маладых футбалістаў і дасведчаных выканаўцаў. Зразумела, што мы гуляем дома, хочацца, каб мы ў матчы паказалі свае лепшыя якасці.

Сустрэча пачнецца ў 21:00, калі ўжо сцямнее і гульцы ФК „Сараева”, у сваю чаргу, за дзень да матча правялі вечаровую трэніроўку ў „свеце сафітаў” на згаданым стадыёне. Кажа галоўны трэнер гасцей Вінка Марынавіч:

– Яшчэ раз хочам адзначыць, што „Дынама-Брэст” – гэта добрая каманда. Мы спадзяемся паказаць свой лепшы футбол і спадзяемся, што заўзятарам спадабаецца.

У сувязі з каранціннымі абмежаваннямі згуляюць каманды толькі аднойчы і пры пустых трыбунах, таму па выніках сустрэчы пераможца трапіць у трэці кваліфікацыйны раўнд турніра. У першым раўндзе ФК „Дынама-Брэст” на сваім полі з лікам 6:3 абыграў ФК „Астана”.

Беларускае Радыё Рацыя