„Дынама” і БАТЭ ў пагоні за „Шахцёрам”



Залатая і сярэбраная інтрыгі футбольнага чэмпіянату Беларусі чэмпіянату не згасаюць. У 28 туры менскае „Дынама” і барысаўскі БАТЭ дамагліся ўпэўненых вікторый і працягваюць даганяць салігорскі „Шахцёр”.

Дынамаўцы сталіцы ў нядзелю экзаменавалі „Слуцк”. Ужо на 5-й хвіліне ўкраінскі легіянер Дзмітрый Хлёбас прабіў абарону „цукровых”. У другім тайме Антон Сарока з пенальці падвоіў перавагу сталічнікаў – выніковыя 2:0.

Праграму 28 тура завяршалі ў панядзелак жодзінскае „Тарпеда”-БелАЗ і барысаўскі БАТЭ. Жодзінцы вельмі няўдала гуляюць у вышэйшай лізе супраць Барысава. Дастаткова сказаць, што за ўвесь час яны толькі тройчы пермагалі БАТЭ, прычым ні разу (!) не выйгравалі ў яго на сваім полі. 

У першым тайме БАТЭ двойчы ўдала рэалізаваў корнеры – падачы з кутніх Аляксея Рыаса і Ігара Стасевіча на 28-й і 32-й хвілінах удала галавой замыкаў Неманья Мілунавіч. На 41-й Дзмітрый Рэкіш стрэлам са штрафнога скараціў розніцу ў ліку.

У другой палове прыйшоў час лепшага бамбардзіра турніру Міхаіла Гардзяйчука, які двойчы засмуціў жодзінскіх заўзятараў (60-я і 81-я хвіліны). Паміж гэтым здарыўся яшчэ гол Міхаіла Калугіна – БАТЭ мае апошнім часам ненадзейную абарону. І ўсё ж выніковыя 4:2 на карысць чэмпіёна Беларусі. А ў Гардзяйчука стала 17 забітых мячоў. Праўдападобна, што ўладальнік прыза лепшаму снайперу вызначыўся. Другім у гэтай спрэчцы ідзе гарадзенец Павел Савіцкі, у якога 14 галоў.  

За два туры да фінішу першынства становішча тройкі прэтэндэнтаў на медалі такое: 1. „Шахцёр” – 65 ачкоў, 2. „Дынама” – 62, 3. БАТЭ – 61. Чэмпіёны краіны барысаўцы яшчэ чакаюць разгляду сваёй апеляцыі на вынік матчу са случакамі. Не выключана, што БАТЭ вернуць тры вельмі сумнеўна забраныя ачкі. Калі так здарыцца, змаганне за золата яшчэ больш абвастрыцца.

Беларускае Радыё Рацыя