„Дынама” прайграла чалябінскаму „Трактару”
Хакеісты менскага „Дынама” з паразы пачалі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Першым супернікам „зуброў” у заключным гасцявым турнэ чэмпіянату стала 10-я каманда Усходняй канферэнцыі – „Трактар”. Чалябінцы пачалі паядынак па-гаспадарску: у першай трэці ў браму мінчан уляцелі дзве шайбы ў адказ, а на старце другога перыяду перавага „мядзведзяў” стала пагрозлівай – 3:0. Дынамаўцы ачунялі ўжо пасля экватара сустрэчы: спачатку адзначыўся Брэндан Козун, а літаральна ў наступнай атацы „зуброў” Раян Спунэр скараціў адставанне менскай каманды да мінімуму. Аднак не прайшло і дзвюх хвілін, як хакеісты „Трактара” зноў забяспечылі сабе задзел – 4:2. У заключнай трэці „бела-блакітныя” намаганнямі Джозэфа Душака зноў падабраліся да чалябінцаў на адлегласць аднаго гола, але перавесці гульню ў авертайм не змаглі. Фінальны лік – 4:3 на карысць гаспадароў. Гэтая параза стала для падначаленых Крэйга Вудкрафта другой у чатырох лютаўскіх матчах. Выязная серыя беларускага клуба працягнецца заўтра паядынкам супраць „Аўтамабіліста” з Екацярынбурга.
Герасімаў прайграў у 1/8 фіналу турніру ў Вільні
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў не змог прайсці ў чвэрцьфінал турніру ў Вільні з прызавым фондам 118 тысяч даляраў. У паядынку 1/8 фіналу беларус прайграў у дзвюх партыях прадстаўніку Босніі і Герцагавіны Даміру Джумхуру – 1:6, 3:6.
У матчы 1/4 фіналу на турніры ІТФ у Мехіка з прызавым фондам 40 000 даляраў беларуская тэнісістка Яна Каладынска узяла верх над грачанкай Дэспінай Папаміхаіл з лікам 6:3, 7:6.
Беларускія футбалісты пацярпелі паразы ў гульнях Кубка развіцця ў Менску
Беларускія футбалісты няўдала правялі заключныя сустрэчы папярэдняга этапа 19-га міжнароднага юнацкага турніру „Кубак развіцця” на прызы асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” і Менгарвыканкама, які праходзіць у сталічным футбольным манежы. Юнацкая зборная Беларусі (U-17) у сваім апошнім матчы папярэдняй групы А пацярпела паразу ад аднагодкаў з Казахстана – 0:1. Да гэтага падначаленыя Аляксандра Юрэвіча з буйным лікам 3:0 выйгралі ў каманды Узбекістана (U-16) і саступілі камандзе Расіі (U-16) – 0:2. Беларусы занялі трэцяе месца ў групе. У квартэце B малодшая беларуская каманда прайграла зборнай Расіі 0:2. Раней дружына Дзмітрыя Караткевіча з лікам 0:4 саступіла футбалістам Ірана і згуляла ўнічыю са зборнай Таджыкістана – 2:2, заняўшы апошняе месца ў групе.
Год таму ўладальнікамі Кубка развіцця сталі футбалісты Ізраіля. Больш за ўсё перамог ёсць на рахунку зборнай Расіі, якая заваёўвала трафей пяць разоў.
Крышціяну Раналду аформіў покер, забіўшы ўсе галы „Аль-Насра”
У матчы 16-га тура чэмпіянату Саудаўскай Аравіі паміж „Аль-Насрам” і „Аль-Вахдой” нападнік Крышціяну Раналду выйшаў у стартавым складзе „Аль-Насра” і забіў усе галы каманды, аформіўшы покер 4:0.
„Выдатныя адчуванні ад таго, што забіў 4 галы і дабраўся да 500-га мяча ў чэмпіянатах у матчы, які мая каманда выйграла”, — напісаў партугалец у сацсетцы. Раналду аформіў покер у матчы з „Аль-Вахдой” – упершыню з 2019 года. Тады забіў 4 галы зборнай Літве гуляючы за зборную Партугаліі. Раналду забіў 503-і гол ў чэмпіянатах. Раней ён гуляў за „Рэал”, „МЮ”, „Ювентус” і „Спортынг”.
Беларускае Радыё Рацыя