«Дынама» прайграла «Нафтахіміку» на старце новага сезону КХЛ



Хакеісты менскага «Дынама» прайгралі на сваёй пляцоўцы ніжнекамскаму «Нафтахіміку» ў стартавым матчы новага сезону КХЛ з лікам 2:4 у прысутнасці больш за 15 тысяч гледачоў. На свой першы паядынак на лёдзе «Менск-Арэны» гаспадары выйшлі не толькі ў абноўленым складзе, але і ў абноўленай форме – з новым лагатыпам, але гэта не дапамагло ім выйграць. Стартавы адрэзак матчу «зубры» спрабавалі гуляць першым нумарам, але дапускалі памылкі ў абароне. Гэтым на 7-й хвіліне гульні скарыстаўся форвард гасцей Павел Парадзін, які закінуў першую шайбу ў брамку Юнаса Энрата. Настойлівасць «зуброў» была ўзнагароджана ў пачатку другой трэці, калі Цеему Пулкінен замкнуў дакладную перадачу Дру Шора і зраўняў лік. На 35-й хвіліне Аляксандр Кітараў быў выдалены з пляцоўкі за затрымку суперніка, і тут жа Сцяпан Захарчук зноў вывеў «Нафтахімік» наперад. Літаральна праз паўхвіліны гаспадары атрымалі колькасную перавагу. Яе рэалізаваў Марк-Андрэ Граньяні.

У трэцім перыядзе менчукт вельмі хацелі выйсці наперад, мелі для гэтага некалькі выдатных магчымасцяў, але менавіта госці выкарысталі свае шанцы і вызначыліся яшчэ двойчы, здабыўшы першую перамогу ў сезоне. Свае наступныя паядынкі менскія дынамаўцы правядуць на выездзе: 4 верасня ў Маскве з мясцовымі аднаклубнікамі, 6 верасня – з хакеістамі «Сочы» і 8 верасня зноў у Маскве – са «Спартаком».

 

«Вітэн» выйграў Суперкубак Беларусі

Аршанскі «Вітэн» стаў уладальнікам Суперкубка Беларусі па міні-футболе, перамогшы менскую «Сталіцу» з лікам 5:1. У матчы адкрыцця новага міні-футбольнага сезону, які адбыўся ў магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец», футбалісты «Вітэна» да 10-й хвіліны выйгравалі 2:0. У сярэдзіне другой паловы сустрэчы менчукі скарацілі разрыў да мінімуму. Чэмпіёны вельмі хацелі зраўняць лік, але захапіўшыся нападамі, прапусцілі ў канцоўцы яшчэ тры мячы. Для «Вітэна» гэта другі запар поспех у матчах за Суперкубак краіны. Таксама двойчы гэты трафей выйграваў «Лідсельмаш», па адным разе Суперкубак бралі менскія каманды – «Сталіца», «Дарожнік» і МАПІД.

 

Азаранка прабілася ў чвэрцьфінал US Open

Беларуска Вікторыя Азаранка і аўстралійка Эшлі Барці прабіліся ў 1/4 фіналу парнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. Мінулай ноччу ў матчы 1/8 фіналу беларуска-аўстралійскі тандэм сустракаўся з амерыканскім дуэтам Коры Гауф / Кэці Макнэлі і менш чым за гадзіну перамог у дзвюх партыях – 6:0, 6:1. У чвэрцьфінале Вікторыя Азаранка і Эшлі Барці згуляюць з вугорска-французскай парай Тымеа Бабош / Крысціна Младзенавіч. Раней у чвэрцьфінал парнага разраду US Open выйшлі яшчэ дзве беларускія тэнісісткі. Першая ракетка планеты японка Наомі Осака ня здолела выйсці ў чвэрцьфінал US Open. Яна прайграла ў двух сэтах швейцарскай тэнісістцы Беліндзе Бенчыч, якая займае 12-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 5:7, 4:6.

 

Вызначаны склад беларускай футбольнай «маладзёжкі» на матч з партугальцамі

Галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі па футболе Сяргей Яромка назваў канчатковы склад каманды на адборачны матч чэмпіянату Еўропы з партугальцамі, які пройдзе 10 верасня. Да гульні, якая мае адбыцца на поле менскага стадыёна «Трактар», рыхтуюцца 23 футбалісты. У тым ліку брамнік Павел Паўлючэнка з берасцейскага «Дынама», абаронца Раман Вягера і паўабаронца Уладзіслаў Яцкевіч з гарадзенскага «Нёмана», паўабаронцы берасцейскага «Руху» Павел Сядзько і Дзяніс Грэчыха. Барысаўскі БАТЭ прадстаўлены брамнікам Аляксандрам Свірскім, абаронцам Уладзіславам Глінскім і паўабаронцам Максімам Мякішам. Для зборнай Беларусі матч з партугальцамі будзе другім хатнім паядынкам у 7-й кваліфікацыйнай групе. На старце беларусы разграмілі каманду Гібралтару з лікам 10:0.

 

Верамеенка будзе гуляць за «Цмокаў»

Беларускі цэнтравы Уладзімір Верамеенка, паводле інфармацыі pressball.by, у бліжэйшы час стане гульцом менскіх «Цмокаў». Апошняй камандай баскетбаліста быў кіпрскі АЕК. Верамеенка на драфце НБА-2006 года быў абраны ў другім раўндзе пад агульным 48-м нумарам камандай «Вашынгтон». Цяпер ужо правы на цэнтравога ў мацнейшай лізе свету належаць «Кліперз».

Беларускае Радыё Рацыя