„Дынама” саступіла ніжагародскаму „Тарпеда”
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі ніжагародскаму „Тарпеда” ў матчы чэмпіянату КХЛ.
Першая гульня выязной серыі завяршылася з лікам 3:6 не на карысць каманды Крэйга Вудкрафта. Першы перыяд праходзіў з перавагай менчукоў, якія праводзілі шмат часу ў чужой зоне. Гаспадары пляцоўкі адказвалі вострымі контратакамі. Адзін з такіх выпадаў завяршыўся на 9-й хвіліне матчу голам Джасціна Клуса. На 12-й хвіліне сустрэчы, гуляючы ў большасці, „зубры” змаглі адыграцца. Вызначыўся Роб Клінкхамер, якому асіставалі Брэндан Козун і Брэнан Менэл. Прайшло менш за хвіліну, і Раян Спунэр зноў рэалізаваў большасць, вывеўшы падначаленых Крэйга Вудкрафта наперад. У пачатку другога перыяду менчукі яшчэ больш умацавалі сваю перавагу. Зноў пры гульні ў большасці сваю другую шайбу ў гэтай сустрэчы закінуў Роб Клінкхамер.
На жаль, захаваць перавагу камандзе з беларускай сталіцы не ўдалося. Спачатку Осцін Брэйдзі на 30-й хвіліне матчу скараціў адставанне ў ліку, а пасля другога перапынку Сямён Дэр-Арнучынцаў, двойчы Сяргей Ганчарук і Джасцін Клус, які таксама аформіў дубль, усталявалі канчатковы лік сустрэчы не на карысць „зуброў”. Наступны матч гасцявой серыі мінчане правядуць 1 лістапада ў Яраслаўлі супраць мясцовага „Лакаматыва”, з якім працуе беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка.
Для падрыхтоўкі беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды плануюць задзейнічаць далёкаўсходнюю базу
Для падрыхтоўкі беларускіх спартоўцаў да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіо плануецца выкарыстоўваць спартовую базу на Далёкім Усходзе Расіі. Пра гэта паведаміў на сумесным пасяджэнні калегій Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства спорту Расіі кіраўнік беларускага ведамства Сяргей Кавальчук.
„Папярэдне прамаўлялі пытанне аб тым, што базы Расійскай Федэрацыі, у першую чаргу далёкаўсходнія, беларускія спартоўцы змогуць выкарыстоўваць непасрэдна перад Алімпіядай. Гэта трэба для акліматызацыі, адаптацыі, каб больш якасна падрыхтаваць іх да Алімпійскіх гульняў у 2021 годзе. Бокс, лёгкая атлетыка сёння актыўна прапрацоўваюць гэтыя пытанні. Думаем, па вясне, у сакавіку-красавіку адправіць у Прыморскі край групу нашых спецыялістаў, каб ацаніць узровень спартовых баз і вызначыць, па якіх відах спорту маглі б яшчэ там сумесна папрацаваць „, – сказаў Сяргей Кавальчук.
„Славія” прыме берасцейскае „Дынама”, а „Белшына” – „Шахцёр”
Сёння пройдуць перанесеныя матчы вышэйшай беларускай лігі. Свае матчы згуляюць берасцейскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр” – на выездзе ў Мазыры і Бабруйску адпаведна. Матчы пачнуцца ў 13 і 15 гадзін беларускага часу адпаведна.
Вусік апынуўся лягчэй за Чысору на 17 кілаграмаў
У Лондане прайшла цырымонія ўзважвання перад боем паміж украінцам Аляксандрам Вусікам і брытанцам Дэракам Чысорай, які адбудзецца на „Уэмблі”. Па выніках узважвання Вусік апынуўся лягчэй за суперніка больш чым на 17 кг – вага Вусіка склала 98,5 кілаграмаў, у Чысоры – 115,9 кілаграма. Былы абсалютны чэмпіён свету ў першай цяжкай вазе Вусік выйдзе ў рынг арыентавана ў гадзіну ночы беларускага часу. 33-гадовы ўкраінец правёў 17 паядынкаў на прафесійным рынгу і ва ўсіх святкаваў перамогі (13 з іх накаўтам). У 36-гадовага брытанца 32 перамогі (23 накаўты) і дзевяць паразаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ХК „Дынама”