„Дынама-Шыннік” выйшаў у лідары дывізіёна ў МХЛ



Хакеісты бабруйскага „Дынама-Шынніка” святкавалі трэцюю перамогу запар у рэгулярным чэмпіянаце Моладзевай хакейнай лігі.

У заключным матчы хатняй серыі на сталічнай „Алімпік-Арэне” „шыннікі” прымалі „АКМ-Юніёр” з Тульскай вобласці. Шайбы ў чужую брамку адправілі Максім Глінскі, Іван Аношка, Мацвей Шыдлоўскі і Ягор Сяўко. Канчатковы лік – 7:3 на карысць юных дынамаўцаў.

Гэтая вікторыя стала для падначаленых Андрэя Міхалёва трэцяй запар. Дзякуючы ўдалай серыі бабруйскі клуб з 28 ачкамі ўзначаліў табліцу „Срэбранага” дывізіёна Заходняй канферэнцыі МХЛ, у агульнай табліцы Захаду беларусы ідуць чацвёртымі. Далей „Дынама-Шыннік” чакае чарговае выязное турнэ, першы матч якога адбудзецца ўжо 11 лістапада ў Санкт-Пецярбургу, дзе беларуская каманда сустрэнецца з другой камандай канферэнцыі „СКА-1946”.

„Колас” не выйшаў у фінальны этап розыгрышу Кубка рэгіёнаў УЕФА

Футбалісты „Коласа” з Чэрвеня не змаглі прабіцца ў фінальную стадыю розыгрышу Кубка рэгіёнаў УЕФА. У Стамбуле ў заключным паядынку 3-й адборавай групы падначаленыя Юрыя Пунтуса згулялі ўнічыю з фінскім „Тамперэ” – 2:2. На старце другога кваліфікацыйнага раунда беларусы разграмілі турэцкі „Кайсеры” – 3:0, а потым саступілі партугальскаму „Лісабону” 0:2. На першым этапе спаборніцтваў каманда з Чэрвеня выступала ў Баку, двойчы перамогшы супернікаў з азербайджанскага „Джэбраіла” – 2:1 і 6:2, а таксама казахстанскага „Каскелена” – 5:0.

Кубак рэгіёнаў УЕФА – аматарскі турнір, які праводзіцца з 1967 года (з перапынкамі). У Беларусі ён праходзіць з 1999 года, калі яго першым пераможцам стаў светлагорскі ЦКК. Часцей за ўсіх уладальнікам гэтага трафея станавіўся „Харчавік” (Ганцавічы), у якога чатыры перамогі.

Абдзіхолікаў паўтарыў рэкорд чэмпіянатаў Беларусі па колькасці пераможных галоў

Форвард „Энергетыка”-БДУ Бабір Абдзіхолікаў паўтарыў рэкорд чэмпіянатаў Беларусі па колькасці пераможных галоў у сезоне.

На рахунку 25-гадовага ўзбекістанца ў гэтым сезоне ўжо 10 такіх галоў — паўтарэнне дасягнення, якім дагэтуль адзінаасобна валодаў Раман Васілюк, які ўсталяваў рэкорд у складзе „Славіі” ў 2000 годзе.

„Раё Вальякана” абыграў „Рэал”

У матчы 13-га тура чэмпіянату Іспаніі па футболе „Раё Вальякана” нанёс паразу мадрыдскаму „Рэалу” з лікам 3:2. Гэта першы пройгрыш „сметанковых” у турніры.

„Мілан” і „Краманэзэ” разышліся мірам у матчы 14-га тура чэмпіянату Італіі — 0:0. „Мілан” з 30 ачкамі ідзе другім у табліцы, у лідыруючага „Напалі” 38 балаў. „Баварыя” на хатняй арэне, дзякуючы хет-трыку Гнабры, разграміла „Вердэр” у матчы 14-га тура чэмпіянату Германіі — 6:1. „Баварыя” лідыруе ў табліцы, апярэджваючы „Фрайбург” на чатыры балы.

Маціяшэвіч стаў гульцом „Мяшкоў Берасце”

Славенскі разыгрываючы Марка Маціяшэвіч і „Мяшкоў Берасце” заключылі кантракт да канца сезона. Пра гэта паведамляе клубны сайт.

Гулец нарадзіўся ў славенскай Ізолі, а прафесійную кар’еру пачынаў у суседнім горадзе ў клубе „Копер”, з якім тройчы запар удзельнічаў у Кубку ЕГФ.

У 2019-м Маціяшэвіч адправіўся ў Германію, дзе правёў два гады ў клубе „Гросвальштадт”. Дапамог яму выйсці з трэцяй бундэслігі ў другую і замацавацца там у верхняй частцы табліцы.
Навічок прыехаў у Берасце ў панядзелак увечары і ўжо ў аўторак раніцай правёў першую трэніроўку з мяшкоўцамі. Яго дэбют можа адбыцца ў суботу ў трэцім туры дывізіёна „Усход” СЕХА-лігі, калі клуб будзе прымаць у „Вікторыі” піцерскі „Зеніт”.

Беларускае Радыё Рацыя