Дынамаўцы Менска чытаюць Коласа, Багдановіча і Барадуліна



Кожную з чатырох хатніх сустрэчаў, якія прайшлі, наведвала ў сярэднім больш за 12 тысячаў заўзятараў менcкага „Дынама”, але не ўсе яны заўважылі відэаролікі, у якіх „зубры” перайшлі на родную мову. Хочаце гэта пачуць і ўбачыць? Калі ласка!

Артур Гаўрус („Мой родны кут” Якуба Коласа).

— Беларуская мова — дзяржаўная, нароўні з рускай. Паважаю яе, стаўлюся станоўча. Ведаю не сказаць, што на 100%, але досыць добра. У школе беларускую вывучаў, асаблівых складанасцяў з гэтым прадметам у мяне не было. Калі зараз сустрэну беларускамоўных людзей, без праблем змагу з імі паразмаўляць. Уступ з „Новай зямлі” Коласа дагэтуль ведаю амаль на памяць, яшчэ са школьных часоў, таму прачытаў, здаецца, упэўнена.

Сяргей Дрозд („Па-над белым пухам вішняў” Максіма Багдановіча).

— Прачытаў верш лёгка. Праўда, траплялісь словы, сэнс якіх не зусім разумеў, але з чытаннем па-беларуску ў мяне цяжкасцяў няма. Калі шчыра, з роднай мовай у мяне ёсць праблемы. Справа ў тым, што школу я скончыў ў Яраслаўлі, дзе, натуральна, аніякай беларускай мовы мы не вывучалі. Літаральна толькі першыя тры класы вывучаў беларускую. Але з творам Максіма Багдановіча быў знаёмы і да здымкаў. Адкуль? Пэўна, усё ж нешта запомніў з малодшых класаў.

 

 Яўген Лісавец („Трэба дома бываць часцей” Рыгора Барадуліна). https://www.youtube.com/watch?v=TnaDRjU7QlU
— Беларуская мова вельмі прыгожая. Нягледзячы на тое, што ў мяне даўно ўжо не было практыкі — то часу няма, то паездкі, дый англійская мова зараз у нашай камандзе больш актуальная, з асалодай узяў удзел у гэтым праекце. У школе родная мова давалася лёгка, можа нават лепей, чым маім аднакласнікам. Ведаў яе добра, праўда, адзнакі ўсё ж былі сярэднія. Карыстацца мовай даводзіцца рэдка. У асноўным дома, у Гародні. Таму што бабулі і дзядулі размаўляюць на сумесі беларускай і рускай. Больш, бадай што, з неабходнасцю размаўляць па-беларуску не сутыкаўся. Верш Барадуліна, які мне прапанавалі прачытаць, крыху памятаў, мабыць, са школьнай праграмы. А вось купалаўская «Спадчына», якую чытаў у мінулым годзе на КХЛ-ТБ, была добра знаёмая, ледзь не на памяць ведаў.
Праект далёка ня скончаны! Вы яшчэ пачуеце Гусоўскага ў выкананні Аляксандра Паўловіча, Дубоўку ад Іллі Шынкевіча і Броўку з вуснаў Аляксандра Кулакова, паведамляе афiцыйны сайт клуба.