Дынамаўцы Менску і Берасця выйшлі ў паўфінал кубку краіны
4 красавіка праходзяць матчы розыгрышу футбольнага кубку Беларусі. Каманды сустракаюцца ў адказных паядынках на стадыі чвэрцьфіналу.
“Віцебск” пасля сенсацыйнай вікторыі ў гасцях – 2:1 прымаў на сваім полі менскае “Дынама”. Бела-блакітныя ў асноўны час здолелі узяць рэванш, а ў дадатковым тайме на 93-й хвіліне Фатас Бечырай вывеў дынамаўцаў у паўфінал. Чарнагорскі форвард косаўска-албанскага паходжання стаў сапраўдным героем сустрэчы, запісаўшы на свой рахунак хет-трык. Мяч у віцеблянаў забіў Арцём Салавей. У канцоўцы віцебляне, якія гулялі ў большасці пасля выдалення Алега Вераціла, мелі шанцы скараціць розніцу ў ліку, але ўдала гуляў на браме Васіль Хамутоўскі. Выніковыя 3:1 на карысць падначаленых Душана Угрына.
Берасцейскае “Дынама” пасля гасцявых 0:0 імкнулася да перамогі над бабруйскай “Белшынай”. Але першымі вызначыліся госці – на 13-й хвіліне капітан шыннікаў Аляксандр Шагойка даслаў мяч у сетку берасцейцаў. Параўняў лік на 30-й, скарыстаўшыся пасам Рамана Васілюка, хаўбек Кірыл Прэмудраў. А на 42-й ужо сам Васілюк трапным стрэлам узняў стаўкі берасцейцаў. Гол капітана дынамаўцаў стаў апошнім – 2:1 і далей ідуць берасцейцы.
Сёння пройдуць яшчэ два матчы: „Нёман” (Гародня) – БАТЭ (Барысаў) і „Шахцёр” (Салігорск) – „Граніт” (Мікашэвічы).
Беларускае Радыё Рацыя