DYNAMO BREST AWARDS



У Берасці адбылося закрыццё футбольнага сезону на мерапрыемстве пад назвай DYNAMO BREST AWARDS. Вечарына пад дахам цэнтра алімпійскага рэзерву «Вікторыя» цалкам была прысвечана сёлетнім пераможцам чэмпіянату Беларусі па футболе – клубу «Дынама-Брэст».

Тысячы берасцейцаў сабраліся, каб павіншаваць каманду, якая ўпершыню дасягнула гэтага выніку і завершыла трынаццацігадовую гегемонію футбольнага клуба «БАТЭ-Барысаў».

Кажа нападаючы «Дынама» і адзін з найбольш тытулаваных гульцоў каманды Арцём Мілеўскі:

– Зараз ужо свядома разумеем, што мы – чэмпіёны, зрабілі вельмі шмат для горада, як і горад і заўзятары зрабілі для нас. Мы былі адзіным калектывам, адзіным цэлым. Думаю, што доказ гэтаму – вось столькі людзей прыйшло.

Для мяне гэта велізарнае шчасце, таму што я, як казаў ужо ў шматлікіх інтэрв’ю,  тут нарадзіўся на гэтай зямлі, на беларускай, і ў мяне тата з Берасцейскай вобласці. Таму для мяне гэта велізарная радасць, гонар за ўсіх берасцейскіх.

На мерапрыемстве ўручалі памятныя прызы ў розных намінацыях для гульцоў і для трэнерскага штабу дынамаўцаў. Не забыліся і на ветэранаў клуба, сярод якіх выхаванец берасцейскай футбольнай школы Раман Васілюк. Сёлета ён афіцыйна завершыў сваю кар’еру ў «Дынама», згуляўшы ў таварыскім матчы з беластоцкай «Ягелоніяй». Футбалістаў і гасцей забаўлялі музычнай праграмай, хэдлайнерам якой выступіў гурт «Ляпіс 98» з Сяргеем Міхалком.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя