Дырэктар гарадзенскага спорткомплексу напісаў адкрыты ліст Орду і выйшаў з прафсаюзаў



Дырэктар гарадзенскага цэнтральна-спартовага комплексу „Нёман” напісаў адкрыты ліст старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і кіраўніку ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Міхаілу Орду.

Віктар Шумель просіць адкрыта адмовіцца ад падтрымкі прафсаюзамі любога кандыдата ў прэзідэнты, захаваўшы нейтралітэт у дадзеным пытанні, і зрабіць адкрытую заяву. Сам жа дырэктар ЦСК „Нёман”, як і многія яго супрацоўнікі, напісалі заявы аб выхадзе з прафсаюзаў.

Імобіле абагнаў Левандоўскага ў спрэчцы за „Залатую буцу”

Нападнік „Лацыё” Чыра Імобіле адзначыўся голам ў сустрэчы 37-га тура чэмпіянату Італіі з „Брэшыяй”. У актыве форварда 35 мячоў, забітых у 36 гульнях італьянскага першынства. Імобіле абагнаў нападніка „Баварыі” Роберта Левандоўскага ў спрэчцы за „Залатую буцу” (у паляка 34 галы ў 31 матчы). Левандоўскі ужо не зможа палепшыць статыстыку, бо чэмпіянат Германіі завяршыўся.

Камандны ЧС па спартовай хадзе ў Менску перанесены на 2022 год

Камандны чэмпіянат свету-2020 па спартовай хадзе ў Менску перанесены на 2022 год. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Першапачаткова турнір павінен быў прайсці 2-3 мая, аднак з-за пандэміі каронавіруса было прынята рашэнне аб пераносе на больш позні тэрмін. Цяпер арганізацыя вызначылася з дакладнымі датамі. Спаборніцтвы адбудуцца 23-24 красавіка 2022 года.

Два камплекты ўзнагарод у спрынце на 200 м разыгралі канаісты на чэмпіянаце Беларусі па веславанні

Канаісты разыгралі два камплекты ўзнагарод на чэмпіянаце Беларусі па веславанні, які праходзіць у Заслаўі. Прызёры сталі вядомыя ў гонках мужчынскіх каноэ-двоек і жаночых адзіночак на спрынтарскай дыстанцыі 200 м. У мужчын хутчэй за іншых прыйшлі да фінішу Глеб Саладуха і Дзяніс Махлай, якія прадстаўляюць Менск і Магілёўскую вобласць. Серабро ў Арцёма Козыра і Яўгена Тэнгеля (Менская і Берасцейская вобласці). Бронзавыя медалі выйгралі Дзмітрый Рабчанка і Юры Мазановіч з каманды Гомельскай вобласці. У жаночай адзіночцы перамагла Вольга Клімава з каманды Менскай вобласці. Аляксандра Калаўр, якая выступае за каманду Берасцейшчыны, стала ўладальніцай срэбра. Бронза ў Надзеі Макарчанкі з Магілёўскай вобласці.

Зборныя Расеі і Украіны па гандболе сустрэнуцца ў Менску ў адборы на ЧЕ-2022

Зборныя Расеі і Украіны па гандболе сустрэнуцца ў адборавых матчах да чэмпіянату Еўропы-2022 5 і 7 лістапада ў Менску, паведамляе прэс-служба Федэрацыі гандбола Расеі. У групу да зборных Расеі і Украіны таксама патрапілі нацыянальныя каманды Чэхіі і Фарэрскіх выспаў. Чэмпіянат Еўропы пройдзе ў Венгрыі і Славакіі з 13 да 30 студзеня 2022 года. Зборная Беларусі трапіла ў групу 6. Яе супернікамі па кваліфікацыі сталі каманды Нарвегіі, Латвіі і Італіі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: oblsport.grodno.by