Джабір стала суперніцай Сабаленкі ў 1/2 фіналу Уімблдона



На Уімблдонскім тэнісным турніры вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфіальнай стадыі. Суперніцай другой ракеткі свету беларускі Арыны Сабаленкі стала 6-ы нумар рэйтынгу WTA Унс Джабір з Туніса, якая перамагла ў апошнім чвэрцьфінале пераможцу Уімблдона-2022 3-і нумар сусветнага рэйтынгу прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну – 6:7 (5:7), 6:4, 6:1. Летась Джабір прайграла Рыбакінай у фінале Уімблдонскага турніру. У другім паўфінале чэшская тэнісістка Маркета Вандраўшава будзе супернічаць з украінкай Элінай Світолінай, якая ў чвэрцьфінале адолела першую ракетку планеты польку Ігу Свёнтэк, а ў 1/8 фіналу перамагла беларуску Вікторыю Азаранку. У мужчынскім адзіночным разрадзе паўфіналы адбудуцца заўтра. Лідэр сусветнага рэйтынгу іспанец Карлас Алькарас сустрэнецца з расіянінам Даніілам Мядзведзевым, а серб Новак Джокавіч згуляе з італьянскім тэнісістам Яннікам Сінэрам.

Брамнік Анаркулаў і форвард Шалагін — у мінскім „Дынама”

Кадравыя навіны са склада „зуброў”. Самы надзейны брамнік чэмпіянату Беларусі падпісаў пробны кантракт: Георгій Анаркулаў паспрабуе свае сілы ў мінскім „Дынама”. 25-гадовы расіянін у рэгулярным чэмпіянаце Беларусі ў складзе „Шахцёра” правёў 41 матч, адбіў 94.25% кідкоў. Акрамя таго, у клубе застаецца Міхаіл Шалагін: з форвардам заключаны двухбаковы кантракт на два гады. У мінулым сезоне КХЛ Шалагін правёў 10 матчаў, у якіх набраў 2 (1+1) ачкі пры паказчыку карыснасці „+1”.

„Астана” Эбонга згуляла ўнічыю з „Дынама” з Тбілісі

Казахстанская каманда не змагла перамагчы ў хатнім матчы 1-га кваліфікацыйнага раунда галоўнага еўракубка – 1:1. Беларускі паўабаронца гаспадароў Макс Эбонг выйшаў у старце і быў заменены на 88-й хвіліне. Сустрэча ў адказ адбудзецца 19 ліпеня, пераможца супрацьстаяння выйдзе на заграбскае „Дынама”. Румынскі „Фарул” узяў верх над малдаўскім „Шэрыфам” 1:0. Пераможца пары будзе змагацца з пераможцам супрацьстаяння „Хамрун” — „Макабі” Хайфа (першы матч завяршыўся перамогай ізраільцян 4:0). Шведскі „Хекен” адправіў тры мячы ў браму „Нью-Сэйнц” з Уэльса – 3:1. Пераможца пары будзе змагацца з пераможцам супрацьстаяння „Клаксвік” — „Ферэнцвараш” (першы матч завяршыўся ўнічыю 0:0. Фінскі ХІК справіўся з паўночнаірландскім „Ларнам” – 1:0. Пераможца пары сустрэнецца з нарвежскім „Молдэ”.

„Аль-Хілаль” падпісаў Мілінкавіча-Савіча за 40 млн еўра

„Аль-Хілаль” абвясціў пра падпісанне паўабаронцы „Лацыа” Сяргея Мілінкавіча-Савіча. Па папярэдніх дадзеных, трансфер абыйшоўся саудаўскаму клубу ў 40 мільёнаў еўра. Кантракт падпісаны на 3 гады, пагадненне хаўбека з рымлянамі заканчвалася ў наступным годзе. За „Лацыа” Мілінкавіч-Савіч выступаў з 2015 года. У „Аль-Хілале” ён будзе атрымліваць 25 мільёнаў еўра ў год. 28-гадовы футбаліст у мінулым сезоне правёў 47 матчаў за „Лацыа”. У яго актыве 11 галоў і 8 асістаў.

Беларускае Радыё Рацыя