Джасурбек Яхшыбоеў пераходзіць у „Шахцёр”, Давід Твэ – у берасцейскае „Дынама”
Шэрагі сталічнага „Энергетыка”-БДУ пакідаюць два ключавыя гульцы. Адзін з лепшых асістэнтаў мінулага чэмпіянату ліберыйскі паўабаронца Давід Твэ пераходзіць у берасцейскае „Дынама”. Таксама лепшы бамбардзір чэмпіянату узбекскі нападнік Джасурбек Яхшыбоеў працягне кар’еру ў салігорскім „Шахцёры”.
Дэталі здзелкі невядомыя – выкуп гульца ў „Пахтакора” ці яго арэнда ў узбекскага клуба. Пры гэтым „Энергетык”-БДУ пацвярджае толькі сыход з каманды Давіда Твэ.
Нападнік Уладзімір Хвашчынскі пакінуў „Менск” па заканчэнні тэрміну арэнды і вярнуўся ў „Шахцёр”, якому належыць па кантракце. У 13 матчах за „Менск” Хвашчынскі забіў пяць галоў і аддаў тры выніковыя перадачы.
Матч „Дынама” Берасце – „Слуцк” перанесены на 12 жніўня з-за форс-мажорных абставінаў
Матч 17-га тура вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі паміж берасцейскім „Дынама” і „Слуцкам” перанесены з 10 ліпеня на 12 жніўня. Такое рашэнне прыняла Беларуская федэрацыя футбола. Раней паведамлялася пра ўспышку каронавіруса ў стане чэмпіёнаў краіны.
Беларусы Аляксандр Пацыкайлік і Аляксей Гайса застаюцца ў „Цэлтніексе”
Беларускія гандбалісты Аляксей Гайса і Аляксандр Пацыкайлік працягнуць выступаць за рыжскі „Цэлтніекс”. Яны пралангавалі кантракты яшчэ на адзін год. Па выніках мінулага чэмпіянату Латвіі Гайса быў прызнаны найлепшым легіянерам.
Капітан зборнай Польшчы падпісаў кантракт з „Нёманам”
Капітан зборнай Польшчы Крысціян Дзюбіньскі падпісаў гадавы кантракт з „Нёманам”, – паведамляе прэс-служба гарадзенскага клуба. У мінулым сезоне форвард выступаў на радзіме за клуб „Падгале”, дзе ў 53 матчах набраў 60 (29+31) ачкоў і стаў найлепшым бамбардзірам рэгулярнага чэмпіянату. Усяго ў наймацнейшай польскай лізе ў актыве Крысціяна 514 (243+271) балаў у 578 гульнях. Таксама ён з’яўляецца чатырохразовым чэмпіёнам краіны.
Форвард Іван Драздоў падпісаў двухбаковы кантракт з менскім „Дынама”. Пагадненне разлічана на два гады, – паведамляе афіцыйны сайт клуба. Папярэднія два сезоны Іван Драздоў правёў у „Дынама”, згуляўшы ў агульнай складанасці 79 матчаў, у якіх набраў 13 ачкоў (3+10).
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: by.tribuna.com