Джэф Плат падаў заяву на адмову ад грамадзянства Беларусі



Форвард зборнай Беларусі Джэф Плат падаў заяву на адмову ад грамадзянства Беларусі. Пра гэта паведамляе уфімскі журналіст Дзяніс Таіпаў. Апошнім клубам Плата быў „Салават Юлаеў”, які ён пакінуў 2 сакавіка, скасаваўшы кантракт. Джэф выступаў за зборную Беларусі на чатырох чэмпіянатах свету і ў дзвюх алімпійскіх кваліфікацыях.

ФХБ падала апеляцыю на рашэнне ІІХФ адхіліць беларускія каманды ад спаборніцтваў

Федэрацыя хакея Беларусі (ФХБ) падала апеляцыю на рашэнне ІІХФ адхіліць беларускія каманды ад міжнародных спаборніцтваў. „На думку ФХБ, вынесенае рашэнне не змяшчае ні матывіровачнай часткі, ні нарматыўнага абгрунтавання адмовы ва ўдзеле беларускіх каманд у спаборніцтвах пад эгідай ІІХФ. Відавочна, што рашэнне аб адхіленні ад спаборніцтваў спартовых каманд не аказвае абсалютна ніякага ўплыву на сітуацыю ва Украіне, а наадварот распальвае непрыязнасць, варожасць паміж нацыямі і краінамі”, — паведамляе прэс-служба ФХБ. Савет ІІХФ не дапусціў усе беларускія зборныя і клубныя каманды да міжнародных спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Нацыянальная зборная, такім чынам, прапусціць чэмпіянат свету-2022, юніёрская зборная не згуляе на планетарным форуме ў элітным дывізіёне.

ІГФ дазволіла легіянерам з украінскіх, расейскіх і беларускіх клубаў прыпыніць дзеянні кантрактаў

Савет Міжнароднай федэрацыі гандбола дазволіў легіянерам з клубаў Украіны, Беларусі і Расеі падаць запыт у ІГФ і адпаведную Кантынентальную канфедэрацыю, каб прыпыніць дзеянне кантракта, калі спартовец не змог знайсці іншай магчымасці вырашэння пытання па пагадненню непасрэдна з клубам. ІГФ забяспечвае прыпыненне кантракта да канца цяперашняга сезона. Далей гулец ці яго новы клуб можа падаць новы запыт у ІГФ для ажыццяўлення трансферу.

Нарвежка Марце Рэйселанд упершыню ў кар’еры заваявала Кубак свету

Нарвежка Марце Рэйселанд ўпершыню ў кар’еры заваявала вялікі Крыштальны глобус, выйграўшы агульны залік Кубка свету па выніках біятлоннага сезона. Пасля другога месца ў гонцы пераследу на заключным этапе ў Холменколене Рэйселанд стала недасягальнай для саперніц у генеральнай класіфікацыі. У гэтым сезоне засталася толькі адна гонка, мас-старт, па яе выніках шведка Эльвіра Эберг ужо не зможа дагнаць Марце.

Беларускае Радыё Рацыя