Дзмітрый Баскаў адхілены МАК ад Алімпійскіх гульняў і іншых мерапрыемстваў



Кіраўнік ФХБ і чалец выканкама НАК Беларусі Дзмітрый Баскаў уключаны ў лік асоб, у дачыненні да якіх Міжнародны алімпійскі камітэт увёў часовыя санкцыі.

Баскаў адхілены ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах МАК, а таксама ад Алімпійскіх гульняў. Раней паведамлялася таксама пра тое, што анагалагічнае рашэнне прынята ў дачыненні да старшыні НАК Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і да яго старэйшага сына Віктара. Пра гэта распавёў кіраўнік МАК Томас Бах.

Эліс Бакай і яшчэ 8-9 гульцоў берасцейскага „Дынама” пяройдуць у „Рух”

Албанскі хаўбек берасцейскага „Дынама” Эліс Бакай можа перайсці ў „Рух”. Па тым жа маршруце пройдуць яшчэ 8-9 гульцоў „Дынама”, паведамляе інсайдэр Уладзіслаў Татур. Большую частку сезона-2020 Бакай прапусціў з-за траўмы. Хаўбек правёў толькі чатыры матчы ў рамках чэмпіянату Беларусі.  У той жа час форвард берасцейскага „Дынама” Арцём Мілеўскі таксама ў бліжэйшы час можа стаць гульцом „Руху”, але львоўскага. Хаўбекам берасцейскага „Дынама” Аляксандрам Ноёкам зацікаўлены самарскія „Крылы Саветаў”, якія выступаюць у другім дывізіёне Расеі. Спартовым дырэктарам „Крылаў” працуе беларус Сяргей Карніленка.

Брамнік зборнай Беларусі Ягор Хаткевіч пакінуў „Іслач”

Беларускі брамнік Ягор Хаткевіч пакінуў „Іслач” пасля трох гадоў у клубе. 32-гадовы галкіпер сышоў у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракта. Хаткевіч выступаў за „ваўкоў” з 2018 года. У складзе каманды правёў 82 матчы ва ўсіх турнірах, прычым у 21 гульні пакідаў сваю браму ў недатыкальнасці. У гэтым сезоне галкіпер тройчы трапляў у сімвалічную зборную чэмпіяната і двойчы прызнаваўся заўзятарамі „Іслачы” лепшым гульцом месяца. Ягор Хаткевіч ўвайшоў у гісторыю клуба з Менскага раёна, стаўшы першым футбалістам, які быў выкліканы ў нацыянальную зборную і ў ёй дэбютаваў, паведамляе прэс-служба „Іслачы”.

Зборная Беларусі па міні-футболе адправілася на адборавы матч чэмпіянату Еўропы

Зборная Беларусі па міні-футболе адправілася ў ізраільскі Рышон-ле-Цыён на стартавы адборавы матч чэмпіянату Еўропы. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера беларускай каманды Аляксандра Савінцава  зборная трэніравалася з 3 снежня на спартова-аздараўленчай базе федэрацыі прафсаюзаў у Ратамцы. Сёння беларусы правядуць стартавы паядынак у 5-й кваліфікацыйнай групе з камандай Ізраіля. Два гады таму гэтыя супернікі сустракаліся ў таварыскіх матчах у Беларусі і абодва разы перамаглі гаспадары: у Лідзе – 7:1 і Барысаве – 3:1.  У 5-й групе таксама выступяць зборныя Вугоршчыны і Казахстана, якія 9 снежня сустрэнуцца ў Нур-султане. У фінальны этап кантынентальнага першынства 2022 года наўпрост выйдуць пераможцы васьмі адборавых груп і шэсць лепшых каманд, якія занялі другія месцы.

Фінал Кубка Беларусі па валейболе сярод мужчын пройдзе без гледачоў

Такое рашэнне было прынятае кіраўніцтвам ВК „Мінск”, які арганізуе вырашальную стадыю спаборніцтваў. За права стаць уладальнікам Кубка Беларусі 11-12 снежня на пляцоўцы „Уручча” будуць змагацца чатыры каманды: „Энергія” (Гомель), „Марка-ВДТУ” (Віцебск), „Будаўнік” (Менск) і „Шахцёр” (Салігорск) . Дружына з горада калійшчыкаў з’яўляецца дзеючым уладальнікам трафея. Для заўзятараў будуць арганізаваны анлайн-трансляцыі з месца падзей. Фінальны паядынак у прамым эфіры пакажа „Беларусь 5. Інтэрнэт”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ХК „Динамо-Минск”