Дзмітрый Мільчакоў далучыўся да жлобінскага „Металурга”



Беларускі брамнік Дзмітрый Мільчакоў 1986 года нараджэння далучыўся да жлобінскага „Металурга”, у складзе якога хакеіст мае намер правесці будучы сезон. Галкіпер ужо выступаў за „ваўкоў” на працягу чатырох сезонаў, выйграўшы з камандай Васіля Спірыдонава ўзнагароды ўсіх вартасцяў, званне ўладальніка Кубка Беларусі і чэмпіёнства ў сезоне-2011/12. На працягу трох сезонаў у „Металургу” Дзмітрый Мільчакоў тройчы прызнаваўся лепшым брамнікам беларускага чэмпіянату, пасля чаго заключыў кантракт з менскім „Дынама” і адправіўся ў КХЛ. Таксама ў актыве галкіпера ўдзел у шасці чэмпіянатах свету ў складзе зборнай Беларусі і алімпійская кваліфікацыя. Мінулы сезон Мільчакоў правёў у Казахстане, дзе ў 34 матчах адбіў 92,6% кідкоў пры каэфіцыенце надзейнасці 1,82, зазначае прэс-служба „Металурга”.

Пачатковец менскага „Дынама” Аляксей Коласаў стаў першым беларускім брамнікам, абраным на імпарт-драфце CHL

Брамнік маладзёжнай зборнай Беларусі Аляксей Коласаў абраны камандай „Эры” ў 1-м раўндзе пад агульным 22-м нумарам імпарт-драфта CHL. Напярэдадні Коласаў падпісаў двухбаковы кантракт з менскім „Дынама”. На імпарт-драфце клубы трох мацнейшых юніёрскіх ліг Канады выбіраюць лепшых замежных гульцоў. Коласаў стаў першым беларускім брамнікам у гісторыі, якога выбралі на драфце CHL. Таксама яшчэ 7 беларускіх хакеістаў былі выбраны на імпарт-драфце. У першым раўндзе ў прыватнасці таксама абраны нападнік „Руэн-Норанда”

Даніла Клімовіч, нападнік „Прынс-Альберта” Уладзіслаў Шыла і абаронца „Флінта” Дзмітрый Кузьмін.

Віталь Цітоў падпісаў кантракт з „Варшавай”

40-гадовы беларускі паўсярэдні Віталь Цітоў працягне кар’еру ў гандбольным клубе „Варшава” з другога па рангу дывізіёна чэмпіянату Польшчы. Гандбаліст вяртаецца на пляцоўку праз год. Апошнім клубам Цітова былі „Азоты”. У Польшчы ён таксама вядомы па гульні за „Віслу”, „Квідзынь” і „Легіанова”. З клубам з Плоцка Цітоў тройчы выйграў чэмпіянат краіны. У мацнейшай польскай лізе паўсярэдні закінуў больш за тысячу мячоў, – перадае „Хуткі цэнтр”.

«Барселона» і «Атлетыка» згулялі ўнічыю. У матчы было тры пенальці і адзін аўтагол

У матчы 33-га тура чэмпіянату Іспаніі «Барселона» прымала мадрыдскі «Атлетыка». Сустрэча прайшла на стадыёне «Камп Ноў» і завяршылася нічыёй 2:2. На 11-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Атлетыка» Дыега Коста, які адправіў мяч ва ўласную браму. Праз 8 хвілін галоўны арбітр сустрэчы Алехандра Хасэ Эрнандэс Эрнандэс прызначыў пенальці ў браму «Барселоны», які паспяхова рэалізаваў паўабаронца мадрыдскай каманды Саўль Ньігес. У другім тайме, на 50-й хвіліне, форвард Ліянэль Месі рэалізаваў 11-метровы ўдар і зноў вывеў каталонцаў наперад. На 62-й хвіліне Саўль аформіў дубль, зноў забіўшы з пенальці. «Барселона» набрала 70 ачкоў і займае 2-е месца ў турнірнай табліцы іспанскай Прымеры. «Атлетыка» мае 59 і на 3-м месцы. Лідарам спаборніцтваў з’яўляецца «Рэал», у 32 матчах які набраў 71 ачко.

Іван Ціхан збіраецца паўдзельнічаць у Алімпіядзе ў 45 гадоў

Беларускі кідальнік молата, прызёр Алімпійскіх гульняў у 2008 і 2016 гадах Іван Ціхан у эфіры праграмы „Спорт-кадр” на „Беларусь 5” распавёў аб сваёй форме і прызнаўся, што яна не найлепшая. – Ніякай авантуры. Калі бачу, што гэта магчыма, што арганізм зможа справіцца з тым аб’ёмам нагрузак, які дазволіць заставацца канкурэнтаздольным, то буду трэніравацца і канкураваць. Калі ўнутраны голас скажа: Вань, ня выцягнем, то адкажу – окей, на Алімпіяду не паедзем – адзначыў Ціхан і дадаў, што будзе імкнуцца паказаць вынік у межах 70-80 метраў, які б дазволіў змагацца за медалі.

Беларускае Радыё Рацыя