Дзмітрый Набокаў трапіў у допінгавы скандал



Беларускі скакун у вышыню трапіў у допінгавы скандал. У пробе 23-гадовага спартоўцы знайшлі забароненае рэчыва — фурасемід. Падазраванага ў парушэнні антыдопінгавых правілаў адхілілі ад спаборніцтваў, інфармуе ТАСС. Дзмітрый Набокаў удзельнічаў у Алімпіядзе 2016 года ў Рыа. На нядаўнім чэмпіянаце свету ў Досе ён заняў 9-е месца. Два гады таму Набокаў заняў першае месца на чэмпіянаце свету сярод спартоўцаў да 23 гадоў. Ён з’яўляецца ўладальнікам рэкорда Беларусі – 2 метра 36 сантыметраў, які ўсталяваў вясной мінулага года (рэкорд не абнаўляўся чвэрць стагоддзя).

Удар з 30-ці метраў дапамог «Мінску» абыграць «Слуцк»

У першым матчы 27-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе „Мінск” перамог „Слуцк” з лікам 1:0. Адзіны гол на 7-й хвіліне са штрафнога забіў украінскі легіянер мінчукоў Аляксандр Васільеў. Гэта быў прыгожы ўдар метраў з 30-ці ў верхні кут брамы. На пачатку гульні на стадыёне было не больш за 30 заўзятараў. Іншыя матчы тура пройдуць ад сёння да панядзелка. Найбольшая ўвага да паядынкаў лідараў. У нядзелю, 3 лістапада, берасцейскае „Дынама” прымае салігорскі „Шахцёр”, а БАТЭ — „Іслач”. У „Дынама” — 67 ачкоў, у БАТЭ — 61.

„Зубры” ідуць на паўтарэнне антырэкорду

Менскае „Дынама” прайграла ў чэмпіянаце КХЛ у гасцях у авертайме магнітагорскаму „Металургу” — 2:3. Гэта 10-я параза «зуброў» запар. Клубны антырэкорд — 11 паразаў — быў зафіксаваны восенню мінулага года. Дынамаўцы дапусцілі такую серыю пры галоўным трэнеры Гордзі Дуаеры. Цяпер жа яна можа быць паўторана пры Крэйгу Вудкрафце.

3 лістапада „Дынама” згуляе ў гасцях з уфімскім клубам „Салават Юлаеў”.

Сабаленка і Мёртэнс не трапілі ў фінал выніковага турніру WTA ў Кітаі

Арына Сабаленка і Эліз Мёртэнс не трапілі ў паўфінал парнага выніковага турніру WTA ў Кітаі. Яны прайгралі два матчы з трох.

З чатырох пар „Чырвонай групы” ў паўфінал выйшлі толькі дзве. Калі б сёстры Чань абыгралі немку Анну-Лену Грэнефельд і Дэмі Схюрс з Нідэрландаў, то далей прайшлі б Сабаленка і Мёртэнс (яны абыгралі тэнісістак з Тайваня). Аднак сёстры саступілі ў двух сэтах — 2:6, 4:6. Такім чынам беларуска-бельгійскі дуэт заняў толькі трэцяе месца.

Шаракова выйграла бронзу на этапе Кубка свету ў Менску

Беларуская раварыстка Таццяна Шаракова выйграла бронзавы медаль у жаночай гонцы па ачках на этапе Кубка свету па веласпорце на трэку, які праходзіць у Менску. Двухразовая медалістка нядаўняга чэмпіянату Еўропы набрала па ходу спаборніцтваў 35 ачкоў. Выйграла амерыканка Джэніфер Валент (у яе 66 пунктаў). Раман Раманаў заняў 6-е месца ў мужчынскай гонцы па ачках. Раманаў доўгі час знаходзіўся ў лідыруючай групе спартоўцаў, аднак у выніку, зарабіўшы 50 ачкоў, заняў 6-е месца.

Яшчэ адзін беларускі атлет Гардзей Цішчанка завяршыў праграму на 16-й пазіцыі выніковага пратаколу. Беларускі мужчынскі квартэт у складзе Рамана Цішкова, Гардзея Цішчанкі, Яўгена Ахраменкі і Яўгена Каралькова заняў 11-е месца ў каманднай гонцы па ачках.

Беларусы не змаглі пераадолець першы раўнд спаборніцтваў у дадзеным відзе праграмы. Тройку прызёраў склалі спартоўцы Даніі, Францыі і Італіі.

Чатыры беларускі спыніліся за крок ад п’едэстала моладзевага чэмпіяната свету па барацьбе ў Вугоршчыне

У заключны дзень планетарнага першынства Кацярына Пічкоўская у вазе 53 кг прайграла мангольскай спартоўцы, Валерыя Ярмола ў вазе 57 кг – расіянцы, Вераніка Іванова у вазе 62 кг – малдаванцы, а Надзея Драгунова у вазе 65 кг – казахстанскай спартоўцы. Напярэдадні ў спрэчцы за бронзавы медаль шлях на п’едэстал спартоўцы з Быхава Юліі Пісарэнцы у вазе 59 кг заступіла канадка Ціана Грэйс Кенэт.

Мінянкова заняла пятае месца на моаладзевым чэмпіянаце Еўропы па дзюдо

Ульяна Мінянкова ў вагавай катэгорыі 57 кг заняла пятае месца на чэмпіянаце Еўропы па дзюдо сярод спартоўцаў ва ўзросце да 23 гадоў, які праходзіць у Іжэўску. Беларуска адолела спартовак з Чэхіі і Вугоршчыны. У трэцім паядынку Ульяна прайграла расейцы, а ў сутычцы за бронзавую ўзнагароду саступіла харватцы. Беларусы Дзмітрый Мужайла і Конрад Шока (абодва ў вазе 66 кг) таксама не змаглі дайсці да медальных паядынкаў.

Змушко не трапіла на п’едэстал Кубка свету па плаванні

Аліна Змушко стала чацвёртай на дыстанцыі 200 м брасам на шостым этапе Кубка свету па плаванні, які праходзіць у Казані. Аліна паказала вынік 2 хвіліны 28,37 секунды. Залаты медаль заваявала расіянка Марыя Цемнікава. Удзел у турніры бяруць каля 200 атлетаў. Наступным стартам для беларускіх плыўцоў стане сёмы этап Кубка свету, які пройдзе 7-9 лістапада ў сталіцы Катара – Досе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя