Дзмітрый Пракапенка: Свята гарантуем!



Дзмітрый Пракапенка – сын легендарнага беларускага футбаліста і адзін з арганізатараў святкавання 90-годдзя футбольнага менскага “Дынама” – распавёў, якія сюрпрызы чакаюць 17 чэрвеня заўзятараў.

Дзмітрый Пракапенка: Днём нараджэння менскага “Дынама” прынята лічыць дату першага дакументальна пацверджанага матча каманды, які адбыўся 18 чэрвеня 1927 года ў Смаленску, дзе менчукі сустракаліся з мясцовымі аднаклубнікамі і атрымалі першую ў сваёй гісторыі перамогу – 2:1. Дарэчы, у тым жа годзе беларуская каманда заваявала і першы трафей, выйграўшы чэмпіянат БССР. Натуральна, такую дату нельга было абмінуць, таму і вырашылі адсвяткаваць юбілей. Свята арганізоўваем у суботу, 17 чэрвеня.

РР: Якія мерапрыемствы пройдуць у гэты дзень?

Дзмітрый Пракапенка: Дакладны сцэнар яшчэ не гатовы, але з агульнай канцэпцыяй ужо вызначыліся. Цэнтральнай падзеяй стане футбольны матч на сталічным стадыёне “Трактар”, у якім  “Легенды маскоўскага “Спартака” сустрэнуцца з “Легендамі менскага “Дынама”. У 1982 годзе апошняя гульня “Дынама” са “Спартаком” якраз і прынесла беларускай камандзе залатыя медалі першынства СССР, таму выбар маскоўскай каманды не выпадковы. Пасля матча адвязем заўзятараў у Палац спорту, дзе адбудзецца вялікі канцэрт, затым усіх чакае салют. Адным словам, свята гарантуем!

РР: Якія футбалісты ўжо далі згоду паўдзельнічаць у матчы?

Дзмітрый Пракапенка: За “Спартак” згуляюць такія вядомыя футбалісты, як Рынат Дасаеў, Вагіз Хідзіятулін, Сяргей Шаўло, Юрый Гаўрылаў, Алег Раманцаў, Сяргей Юран… У складзе менскага “Дынама” будуць вечна малады Юрый Пудышаў, Андрэй Зыгмантовіч і іншыя экс-дынамаўцы. А трэніраваць нашу каманду, натуральна, будзе Эдуард Васільевіч Малафееў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя