Дзмітрый Пракапенка: Заўзятары да гэтага часу памятаюць “Пракопа”
Сын легендарнага беларускага футбаліста Аляксандра Пракапенкі распавёў, што ў Бабруйску, магчыма, ужо ў гэтым годзе з’явіцца помнік былому гульцу менскага “Дынама”.
Дзмітрый Пракапенка: Бабруйскі гарвыканкам ужо абвясціў конкурс эскізных праектаў помніка Аляксандру Пракапенку, які пройдзе з 10 красавіка па 2 траўня. Наколькі вядома, экспертная камісія да 16 траўня выбярэ лепшы прапанаваны праект. Я вельмі спадзяюся, што помнік на радзіме бацькі будзе ўстаноўлены ўжо ў гэтым годзе.
РР: А яшчэ планавалі такі помнік і ў Менску?
Дзмітрый Пракапенка: Так, нам хацелася б, каб помнік паставілі на стадыёне “Дынама”, дзе дзесяць гадоў гуляў бацька. Але ў той жа час разумею, што ўсё будзе залежыць ад рашэння гарадскіх уладаў. Магчыма, як запасны варыянт, устаноўка помніка і на Нацыянальным стадыёне, які плануць пабудаваць у сталіцы. У любым выпадку гэта справа не сёняшняга дня.
Увогуле, калі я раблю гэтую справу, то штодзень сутыкаюся са шматлікімі прыхільнікамі гульні Аляксандра Пракапенкі. З тымі звычайнымі заўзятарамі, якія да гэтага часу памятаюць “Пракопа”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя