Дзве беларускі прайшлі першы круг „US Open”



Тры беларускі стартавалі на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе. У асноўную сетку трапілі Вольга Гаварцова, Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч. Дзве з іх прабіліся ў другі круг прэстыжнага турніру.

Першай з нашых на конт выйшла Гаварцова (68-ы нумар сусветнага рэйтынгу). Яе суперніцай была румынка Ірына Камелія Бегу, ажно 28-я ракетка свету. Першы сет вельмі ўпэўнена выграла беларуска – 6:1. А вось у другой партыі яе нібыта падмянілі – Гаварцова зламалася і атрымала „абаранак” – 0:6. Да гонару Вольгі, яна не паплыла па хвалях, а змагалася да апошняга. Саступаючы ў трэцім сеце, Гаварцова вырвала ў ім вікторыю толькі на тай-брэйку – 7:6 (7:3). Ёсць выхад у наступны раўнд!

Вікторыя Азаранка (на сёння 20-я ракетка планеты) амаль не заўважыла сваю суперніцу – яна прайшлася па пазіцыях чэшкі Люсі Градзецкай (56-ы нумар) сапраўдным ураганам і не пакінула ёй шанцаў у двух сетах – 6:1, 6:2. Далей будзе ўжо цяжэй.

Найбольш сур’ёзная суперніца была ў Аляксандры Сасновіч. Маладая беларуска пакуль толькі 118-я ракетка свету. Значна больш дасведчаная Сабіна Лісіцкі з Нямеччыны выйграла ў яе ў дзвюх партыях – 6:1, 6:4.

Беларускае Радыё Рацыя