Дзве ўзнагароды беларускіх баксёрак у Іспаніі



Беларускія спартоўкі заваявалі дзве ўзнагароды чэмпіянату Еўропы па боксе, які завяршыўся ў  Іспаніі. Беларуска Вікторыя Кебікава, якая выступае ў вагавой катэгорыі 81 кг, у фінальным баі за ўзнагароду вышэйшай пробы раздзельным рашэннем суддзяў  саступіла спартоўцы з Турцыі Эліф Гюнэры – 2:3. Раней бронзавы медаль кантынентальнага форуму заваявала беларуска Юлія Апанасовіч у вазе 54 кг. За медалі турніру спаборнічалі каля 200 спартовак.

Тры бронзы беларускіх гімнастак у Казані

Беларускія спартоўкі тройчы сталі бронзавымі прызёрамі на этапе Кубка свету серыі „Чэлендж” па мастацкай гімнастыцы, які завяршыўся  ў Казані. У практыкаванні са стужкай беларуска Кацярына Галкіна заваявала бронзавы медаль.  Яшчэ адна беларуска Аліна Гарноська паднялася на трэцюю прыступку п’едэстала гонару ў практыкаваннях з булавамі і абручом.

Дзве ліцэнзіі на алімпіяду заваявалі беларускія весляры

Беларускія спартоўцы на чэмпіянаце свету па акадэмічным веславанні ў аўстрыйскім Лінцы заваявалі дзве ліцэнзіі на такійскую Алімпіяду-2020. Лепшы вынік у беларускай камандзе паказаў экіпаж жаночай двойкі парнай лёгкай вагі Алена Фурман / Анастасія Яніна. У фінальным заездзе на дыстанцыі 2 км яны занялі 6-е месца. Уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі стаў экіпаж мужчынскай двойкі ворнай Сяргей Валадзько / Зміцер Фурман, які заняў выніковае 11-е месца.

Беларускія дзюдаісты не прывязуць з Токіо медалёў

Беларускія спартоўцы засталіся без узнагарод чэмпіянату свету па дзюдо, які завяршыўся ў Токіо камандным турнірам. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася зборная Японіі, якая ў фінале была мацней за французскіх атлетаў. Бронзавыя ўзнагароды заваявалі расійскія спартоўцы і каманда Бразіліі. Беларусы ў гэтай дысцыпліне не выступалі.

«Юнацтва» абыграла чэшскі клуб у другім матчы Лігі чэмпіёнаў

Хакеісты менскага „Юнацтва” дамаглася другой хатняй перамогі на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Падначаленыя Міхаіла Захарава ў другім туры папярэдняй групы D прымалі на лёдзе „Чыжоўка-Арэны” чэшскі „Ацэларжы” і выйгралі з лікам 2:0. Сустрэча праходзіла з перавагай чэмпіёнаў Беларусі і вялікай колькасцю выдаленняў у чэхаў. Лік на 24-й хвіліне гульні адкрыў Мікіта Міцкевіч, а ў самым пачатку заключнага перыяду Андрэй Герашчанка ўсталяваў канчатковы лік.  У 3-м туры групавой стадыі „Юнацтва” згуляе ў гасцях з „Лазанай”.

БАТЭ сенсацыйна праграў «Мінску»

Барысаўскі БАТЭ пацярпеў нечаканую паразу ад футбалістаў „Мінска” з лікам 2:3 у гасцявым матчы 20-га тура чэмпіянату Беларусі. Дзеючыя чэмпіёны правалілі пачатковы адрэзак гульні – да 20-й хвіліны мінчане вялі 3:0. Першым браму Сяргея Чэрняка прабіў Яўген Чагавец, затым вызначыліся Іван Бахар і Яраслаў Яроцкі. Толькі пасля перапынку барысаўчане трывала завалодалі ініцыятывай і на 52-й хвіліне свой гол забіў Станіслаў Драгун, а яшчэ праз 12 хвілін Аляксандр Філіпавіч скараціў разрыў да мінімуму, але зраўняць лік барысаўчане ўжо не паспелі – гэта трэцяя параза БАТЭ ў цяперашнім першынстве. Футбалісты „Мінска” святкавалі чацвёртую перамогу і замацаваліся на 12-й пазіцыі, набраўшы 20 ачкоў у 20 праведзеных сустрэчах.

У астатніх матчах 20-га тура „Славія” саступіла лідару першынства берасцейскаму „Дынама” – 2:4, гарадзенскі „Нёман” прайграў сталічнаму „Дынама”  – 0:1 – адзіны гол у пачатку другога тайма забіў абаронца мінчан Дзмітрый Ятчанка. „Энергетык-БДУ” страціў ачкі ў матчы з салігорскім „Шахцёрам” – 1:2,  „Гомель” і „Іслач” згулялі ўнічыю – 2:2, „Слуцк” разграміў  „Віцебск”  3:0. У лідыруючай тройцы без зменаў. Берасцейскае «Дынама» набрала 48 ачкоў , „Шахцёр” і БАТЭ маюць па 43 пункты, але  па гульні ў запасе.

Сабаленка прайшла ў чвэрцьфінала парнага разраду  „US Open

Беларуска-бельгійскі дуэт Арына Сабаленка / Элізэ Мёртэнс быў мацней за швейцарска-іспанскую пару Вікторыя Галубічы / Сара Сорыбес-Торма ў матчы 1/8 фіналу „US Open” – 6:3, 7:5. Наступнымі саперніцамі Сабаленкі і Мёртэнс стануць пераможцы сустрэчы Анастасія Паўлючэнкава / Анастасія Севастава – Йін-Йін Дуань / Сайсай Чжэн.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя