Дзве ўзнагароды на Кубку Партугаліі па веласпорце на трэку



Беларускія спартоўкі Таццяна Шаракова і Ганна Церах выйгралі галоўны прыз і срэбра Кубка Партугаліі па веласпорце на трэку ў дысцыпліне омніум. Таццяна Шаракова, якая перамагла ў кожным з відаў праграмы, якія ўваходзяць у омніум, набрала ў суме 156 ачкоў. У Ганны Церах 141 пункт. Замкнула тройку прызёраў мясцовая спартоўка Марыя Марцінс, у якой 132 балы.

Ілля Шымановіч на 50 м брасам заваяваў срэбра на этапе FINA Champions Swim Series

Беларускі спартовец Ілья Шымановіч на дыстанцыі 50 м брасам заваяваў сярэбраны медаль на другім этапе FINA Champions Swim Series, які прайшоў у кітайскім Пекіне. Беларускі плывец пераадолеў адлегласць за 27,22 сек. Золата ў бразільца Гомеса Жуніёра. Трэцім стаў атлет з Нідэрландаў Арно Камінг. Таксама на рахунку беларуса чацвёртае месца на дыстанцыі 100 м брасам.

Беларускія барцы занялі другое месца ў камандным заліку на Гран-пры Францыі

Беларускія барцы занялі другое месца ў камандным заліку Гран-пры Францыі па вольнай і грэка-рымскай барацьбе, прысвечанага памяці алімпійскага чэмпіёна Анры Деглана. На рахунку беларускіх атлетаў чатыры золата, тры срэбра, чатыры бронзы і 296 ачкоў. Апярэдзіць іх змаглі толькі спартоўцы з Грузіі, якія выйгралі 11 узнагарод (2-4-5) і набралі 380 пунктаў.

Мужчынская зборная Беларусі па індар-хакеі трапіла ў вышэйшы дывізіён чэмпіянату Еўропы

Мужчынская зборная Беларусі па індар-хакеі выйшла ў вышэйшы дывізіён чэмпіянату Еўропы. На групавой стадыі турніру беларусы атрымалі дзве перамогі, спачатку Партугалію (5:4), а затым разграмілі датчанаў (8:1). Яшчэ адзін матч, супраць Турцыі, завяршыўся ўнічыю (2:2). У наступным раўндзе беларусы трапілі ў групу з камандамі Партугаліі, Швейцарыі і Харватыі. На дадзенай стадыі беларусы саступілі швейцарцам (2:3), але змаглі перамагчы харватаў (3:2). Заняўшы другое месца на турніры, зборная атрымала права ў 2022 годзе згуляць у васьмёрцы наймацнейшых каманд Еўропы ўпершыню ў сваёй гісторыі.

Матч Аляксандры Сасновіч і Грыт Мінэн з-за непагадзі перанесены на аўторак

У Мельбурне стартаваў Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе. Матчы пакуль праходзяць толькі на закрытых кортах, сустрэчы на ​​адкрытых кортах не праводзяцца з-за праліўнога дажджу, які накрыў Мельбурн. Сустрэча першага раўнда Аляксандра Сасновіч (94) – Грыт Мінэн (119, Бельгія) перанесена з панядзелка на аўторак, 21 студзеня.

Ян Кававай, Беларускае Радыё Рацыя