Дзяніс Паўлоўскі заняў 1-е месца на маладзёжным этапе КЕ ў Аўстрыі



Беларускі шпажыст Дзяніс Паўлоўскі заняў першае месца на маладзёжным этапе (U-23) Кубка Еўропы па фехтаванні ў аўстрыйскім Мёдлінгу.

На папярэдняй стадыі беларус атрымаў пяць перамог. Удала для Дзяніса Паўлоўскага склаўся і раўнд плэй-оф: ён быў мацнейшы за аўстрыйца Леанарда Дэла Петра, славака Алекса Дудуча, італьянца Казіма Марціні, расіяніна Данііла Волкава і прадстаўніка Нідэрландаў Трыстана Тулена. У фінале беларус упэўнена адолеў Роберта Шымера з Германіі – 15:6.

Для беларускай школы фехтавання гэта другі залаты медаль на КЕ за кароткі час. Раней у спаборніцтве шаблістак на этапе Кубка Еўропы да 23 гадоў у нямецкім Мюнхене поспех святкавала беларуска Паліна Каспяровіч.

На этапе Кубка Еўропы сярод моладзі ў Мёдлінгу сабраліся 274 атлеты з 24 краін.

belta.by