Дзярждэпартамент ЗША прывітаў рашэнне ІІХФ пра перанос чэмпіянату свету



Дзярждэпартамент вітае рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) аб пераносе чэмпіянату свету 2021 года з Менска, заявіла прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства ЗША Морган Артагус у „Твітэры”.

„Мы з нецярпеннем чакаем таго дня, калі [у Беларусі] будуць прыдатныя ўмовы для вяртання міжнародных спаборніцтваў. Мы заклікаем Лукашэнку спыніць кампанію націску на спартсменаў і спыніць жорсткія рэпрэсіі”, — заявіла Артагус.

18 студзеня Савет Міжнароднай федэрацыі хакея пазбавіў Беларусь права праводзіць чэмпіянат свету 2021 года. Рашэнне прынятае ў сувязі з „пытаннямі бяспекі, якія знаходзяцца па-за кантролем ІІХФ”, пасля „комплекснай юрыдычнай ацэнкі”, гаварылася ў паведамленні федэрацыі.

У прыватнасці, статут федэрацыі прадугледжвае пазбаўленне права на арганізацыю ЧС, калі ёсць падставы турбавацца на прадмет здароўя або бяспечнага перамяшчэння гульцоў, афіцыйных асоб, замежных балельшчыкаў і прадстаўнікоў СМІ.

Падкрэсліваецца, што федэрацыя правяла „справядлівую і бесстароннюю” ацэнку сітуацыі з прыцягненнем незалежных экспертаў і ўсіх зацікаўленых бакоў, якія былі апытаныя на прадмет магчымасці правядзення ЧС ва ўмовах росту палітычнай нестабільнасці і COVID-19.

Заключным этапам аналізу стала сустрэча з беларускімі ўладамі 11 студзеня і прыняцце новага экспертнага заключэння.

Савет ІІХФ прыйшоў да высновы, што на гэты момант забяспечыць дабрабыт каманд, гледачоў і афіцыйных асоб пры правядзенні ЧС немагчыма.

„Вельмі шкада, што прыйшлося ануляваць сумесную заяўку Менска і Рыгі, — заявіў прэзідэнт ІІХФ Рэне Фазэль. — Мы спрабавалі спрыяць таму, каб чэмпіянат свету можна было выкарыстаць у якасці інструмента для прымірэння, каб дапамагчы супакоіць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі і знайсці пазітыўны шлях наперад”.

Паводле слоў Фазэля, Савет ІІХФ лічыць, што ЧС не павінен выкарыстоўвацца для палітычнай прапаганды якім-небудзь бокам, аднак прызнае недарэчнасць правядзення гэтага мерапрыемства ў Мінску, калі гаворка ідзе пра больш сур’ёзныя праблемы і прыярытэт бяспекі каманд, гледачоў і афіцыйных асоб.

Пазней ІІХФ разгледзіць статус Латвіі як суарганізатара турніру, а таксама магчымасць яго правядзення ў адной краіне, каб аблегчыць захаванне мер бяспекі ў сувязі з кавідам і перамяшчэнне каманд-удзельніц.

belapan.by