Дзяржынскі „Арсенал” праз год вярнуўся ў вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі
Футбалісты дзяржынскага „Арсенала” праз год вярнуліся ў вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі.
У гасцявым матчы 31-га тура падначаленыя Аляксандра Бразевіча разграмілі „Слонім-2017” з лікам 5:1 і забяспечылі сабе першае месца ў першай лізе нацыянальнага першынства. Год таму „Арсенал” пакінуў вышэйшую лігу, а ў наступным сезоне зноў будзе гуляць у ліку лепшых клубаў краіны. За тры туры да заканчэння спаборніцтваў у першай лізе на другую пуцёўку ў элітны дывізіён прэтэндуюць футбалісты „Віцебска” і магілёўскага „Дняпра”, якія набралі па 64 ачкі ў 29 праведзеных сустрэчах. Таксама ў вышэйшай лізе ў Маладэчне футбалісты „Іслачы” з Менскага раёна адолелі салігорскі „Шахцёр” 2:1. Паядынак у Наваполацку паміж мясцовым „Нафтанам” і футбалістамі „Слуцка” таксама скончыўся перамогай гаспадароў 2:1.
«Ягелонія» разграміла «Сталь» са Шкурыным у складзе
„Ягелонія” не спыняецца. Беластоцкая дружына пасля апошняй перамогі ў Варшаве над «Легіяй» разграміла на сваім полі мелецкую «Сталь» з лікам 4:0. Два галы ў матчы забіў Бартламей Вдовік. Беларускі нападнік „Сталі” Ілля Шкурын адыграў увесь матч.
Менскія дынамаўцы буйна прайгралі „Металургу” ў КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” паразай завяршылі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Супернікам падначаленых Дзмітрыя Квартальнава стаў адзін з лідараў Усходняй канферэнцыі КХЛ – магнітагорскі „Металург”. „Зубры” прайгралі 1:5 – гэта самая буйная параза менчукоў у чэмпіянаце.
Баскетбалісты „Барысфена” выйгралі 8-ы паядынак у чэмпіянаце Беларусі
Лідар мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе магілёўскі „Барысфен” святкаваў восьмую вікторыю запар. Падначаленыя Андрэя Крываноса на пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец” разграмілі аўтсайдараў групы А – баскетбалістаў „Гомельскіх рысяў” з розніцай на 42 ачкі – 112:70. У цэнтральным паядынку гульнявога дня „Гродна-93” упэўнена перамог на выездзе рэзервовы склад БК „Мінск” з лікам 81:59. У Віцебску мясцовы „Рубон” нечакана буйна прайграў сталічнаму „Імпульсу-БДУІР” – 65:105. Пасля перамогі ў „Барысфена” стала 16 ачкоў з 16 магчымых, у „Гродна-93” на два балы меньш.
Беларускае Радыё Рацыя