Дзявятая запар параза «зуброў» у КХЛ
Менскае „Дынама” ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ прайграла чэлябінскаму „Трактару” з лікам 1:4. Адзіную шайбу ў складзе «зуброў» закінуў Шэйн Прынц.
Для падначаленых Крэйга Вудкрафта гэта дзявятая параза запар. Наступны паядынак выязной серыі дынамаўцы правядуць заўтра супраць магнітагорскага „Металурга”. Завершыцца чарговая гасцявая серыя менчукоў 3 лістапада ва Уфе сустрэчай з „Салаватам Юлаевым”.
«Цмокі» ў авертайме абыгралі «Днепр»
„Цмокі-Мінск” абыгралі ўкраінскі „Днепр” у групавым раўндзе кубка ФІБА. Менчукі па ходзе матчу, маючы перавагу ў 23 ачкі, дазволілі суперніку дагнаць і нават на некаторы час выйсці наперад. Зыход матчу вырашаўся ў авертайме, дзе “Цмокі» здабылі другую перамогу ў сезоне 108:101.
Юнакі яшчэ могуць выйсці на футбольнае Еўра-2020
Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі захоўваюць шанцы на выхад у элітны раунд кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2020 года. У заключным матчы хатняга адборавага турніру падначаленыя Андрэя Скарабагацькі на полі менскага стадыёна „Трактар” сустракаліся з аднагодкамі з Латвіі і выйгралі з лікам 1:0. Выніковае становішча: Вугоршчына – 5 ачкоў, Сербія і Беларусь — па 4, Латвія — 3 ачкі. У элітны адборавы этап юнацкага кантынентальнага першынства выйдуць каманды, якія занялі 1-2-е месцы ў 13 кваліфікацыйных групах, а таксама чатыры лепшыя зборныя з тых, што занялі трэція пазіцыі.
Гол Стасевіча прынёс БАТЭ перамогу над «Дняпром»
У футбольным чэмпіянаце Беларусі прайшлі перанесеныя матчы 16-га тура. БАТЭ абыграў у гасцях магілёўскі „Дняпро” 1:0. Адзіны мяч на рахунак барысаўчан на 44-й хвіліне матчу запісаў хаўбек Ігар Стасевіч. Мазырская „Славія” прымала на сваім полі менскае „Дынама”, сустрэча завяршылася ўнічыю — 1:1.
Футбалісткі «Мінска» паўторна прайгралі «Барселоне»
Футбалісткі „Мінска” не змаглі прабіцца ў чвэрцьфінал жаночай Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы іспанскай „Барселоне”. У паядынку ў адказ 1/8 фіналу менчанкі на сваім полі прайгралі суперніцам з лікам 1:3. У першай гульні, якая адбылася 17 кастрычніка ў Барселоне, чэмпіёнкі Беларусі пацярпелі паразу з лікам 0:5.
«Рэал» і «Ювентус» перамаглі ў чэмпіянатах, «Ліверпуль» і «Арсенал» згулялі «хакейны» матч у Кубку англійскай лігі
У матчы 11-га тура іспанскай Прымеры «Рэал» разграміў «Леганэс» 5:0.
На 7-й хвіліне лік у матчы адкрыў нападнік «Рэала» Радрыга. Праз хвіліну другі мяч у браму суперніка адправіў паўабаронца «сметанковых» Тоні Крос. На 24-й хвіліне галоўны арбітр сустрэчы прызначыў пенальці, які паспяхова рэалізаваў абаронца «Рэала» Серхіа Рамас. У другім тайме на 69-й хвіліне, форвард мадрыдскай каманды Карым Бензема таксама выканаў 11-метровы ўдар. У кампенсаваны час сустрэчы форвард мадрыдцаў Лука Ёвіч забіў пяты гол. У матчы 10-га тура чэмпіянату Італіі «Ювентус» абыграў «Джэноа» з лікам 2:1. Лік быў адкрыты на 36-й хвіліне. Аўтарам забітага мяча стаў Леанарда Банучы, якому асіставаў Радрыга Бентанкур. Праз некалькі хвілін госці аднавілі раўнавагу, вызначыўся Крысціян Куамэ. У пачатку другога тайма «Джэноа» застаўся ўдзесяцёх з-за выдалення Франчэска Касата. У канцоўцы сустрэчы Адрыян Рабьё атрымаў дзве жоўтыя карткі і склады каманд ўраўняліся. На 96-й хвіліне перамогу «Ювентусу» прынёс Крышціяну Раналду, які рэалізаваў пенальці. «Ювентус», набраўшы 26 ачкоў, выйшаў на 1-е месца ў турнірнай табліцы Серыі А.
У матчы 1/16 фіналу Кубка Нямеччыны дортмундская «Барусія» прымала «Барусію» мёнхенгладбахскую і перамагла з лікам 2:1. У матчах 1/8 фіналу Кубка англійскай лігі „Манчэстэр Юнайтэд” абыграў „Чэлсі” — 2:1 – дублем адзначыўся Рэшфард. Бадай самы цікавы матч адбыўся ў Ліверпулі, дзе «мерсісайдцы» прымалі «кананіраў» – дублем адзначыўся Дзівок Арыгі, які зраўняў лік 5:5 і тым самым давёў гульню да серыі пенальці, у якой поспех быў на баку «Ліверпуля».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ХК „Трактар”