Дзённік мундыялю: агляд трэцяга гульнявога дня



Падводзім вынікі трэцяга гульнявога дня чэмпіяната свету па футболе. А ён прынёс найменш адзін нечаканы, калі не сенсацыйны вынік.  Да таго ж 16 чэрвеня 2018 года ўвойдзе ў гісторыю як першы дзень, калі відэапаўторы ў футболе паказалі сябе ва ўсёй прыгажосці сапраўды цэламу свету — у двух з трох матчаў суботы сучасныя тэхналогіі, толькі нядаўна ўкаранёныя ў самы папулярны від спорту на планеце, непасрэдным чынам паўплывалі на вынікі і адбiліся на колькасцi прызначаных пенальцi – а іх ужо  6, у той час як на мiнулым мундыялi было ўсяго 13.  Але пра ўсё па парадку.

Францыя – Аўстралія 2:1 (Грызман, 58 хв. з пенальці, Пагба, 80 хв.;  Едзінак, 62 хв.)

Пачалося ўсё з сустрэчы Францыі і Аўстраліі, дзе віцэ-чэмпіёны Еўропы з усім сваім суперзорным складам аж да 58-й хвіліны не маглі забіць падначаленым Берта ван Марвейка. І толькі прагледжаны галоўным рэферы Андрэсам Куньей відэапаўтор дазволіў Антуану Грызману рэалізаваць пенальці за фол на сабе ж і тым самым наблізіць «трохкаляровых» да запаветных трох балаў. Ужо праз некалькi хвiлiн абаронца Самюэль Умцiцi непатрэбна па-гандбольнаму змахнуу мяч з галоў аустралiйскiх гульцоў пасля навеса з правага флангу I на гэты раз суддзя не вагаўся з прызначэннем пенальцi нi на секунду, а Майл Едзiнак лік зрауняў. Гульня набліжалася да справядлiвай нiчыi,  але французы ўсё ж здолелi вырваць перамогу. Поль Пагба разыграў мяч з партнёрамi і не без дапамогi рыкашэту скiраваў мяч у перакладзiну, ад якой той адбiўся ўжо за лiнiяй брамы 2:1.

Перу – Данія 0:1 (Поульсэн, 59 хв.)

Усяго праз некалькі гадзін прымяненне сістэмы VAR спатрэбілася і ў гульні групы С паміж Перу і Даніяй.  Суддзя Бакары Папа Гасама з Гамбіі прыняў правільнае рашэнне звярнуцца да сістэмы відэапраглядаў пасля падзення Крысціяна Куэвы ў чужой штрафной, пасля чаго прызначыў адзінаццацімятровы ў браму Каспера Шмейхеля. Асаблівага шчасця прадстаўнікам Паўднёвай Амерыкі гэта не прынесла: на «кропку» выправіўся сам жа Куэва, пасля чаго той разбегся з гросмайстарскай паўзай і… пальнуў кудысьці на верхнія шэрагі трыбун. У выніку гэты промах каштаваў Перу найважнейшых ачкоў — адзіным у матчы стаў гол датчаніна Юсуфа Поульсэна на 58-й хвіліне. Праўда, трэба прызнаць, куды больш заслугоўвалі перамогі менавіта перуанцы, аднак бліскучая гульня галкіпера еўрапейцаў Шмейхеля, а таксама жудасная рэалізацыя разам з нешанцаваннем саміх «інкаў» адправілі паўднёваамерыканскую зборную на апошняе месца ў квартэце.

Аргенцiна – Ісляндыя 1:1 (Агуэра, 19 хв.; Фінбогасан 23 хв.)

Футбольныя заўзятары спадзяваліся, што пасля феерычнай гульні галоўнага суперніка-антыпода Крышціяну Раналду і яго Партугаліі ў Ліянэля Месі і яго Аргенцiны знойдуцца аргументы ў адказ. На справе сутыкнуўшыся са збітай і звышдысцыплінаванай абарончай камандай Ісляндыі „альбісэлестэ” пагубіліся і ў стартавыя хвліны не маглі знайсці падыходаў да брамы супернiкау.  Але ўсё ж на 19-й хвіліне нападнік „Манчэстэр Сіці” Серхіа Агуэра прыняў мяч у штрафной і выдатным ударам з развароту скіраваў гульнявы снарад у верхні кут. Гэта быу першы гол „Куна” у сусветных чэмпiянатах. Неузабаве iсляндцы літаральна затапталi праблемную абарону каманды Хорхе Сампаолi у іх штрафной. Вызначыуся нападнік аўстрыйскага „Аўгсбурга” Альфрэд Фінбогасан, якi апынуўся першым на адскоку мяча. За далейшымі доўгімі і безпаспяховыми намаганнямі аргенцiнцау знайсці вольныя зоны і забіць пераможны гол  надакучыла назіраць польскаму рэферы Шымону Марчыняку,  які прызначыў зусім неабавязковы пенальці і даў шанец стаць героем Месі. Лео цi то зноў перашкодзiла прысутнасць на стадыёне Дыега Марадоны, цi у яго сапрауды ёсць пэўныя праблемы з рэалiзацыяй пенальцi, але прабіу ён  горш не прыдумаеш, брамнік ісляндцаў Ханэс Тор Халдарсан даволі легка адбіў мяч. Такiм чынам аргенцiнцы на сваёй уласнай скуры зведалі сэнс прымаўкі парадак б’е клас.  Ісляндцы ж не спыняюцца здзіўляць. Нагадаем, што насельніцтва гэтай краіны — дэбютанта мундыяляў — крыху больш за 300 тысяч чалавек. Гэта як выправіць на чэмпіянат свету зборныя Гародні, Берасця ці Беластока.

Харватыя – Нігерыя 2:0 (аўтагол Этабо, 32 хв., Модрыч, 71 хв., з пенальці)

Матчам у групе смерці D паміж Харватыяй і Нігерыяй заканчвалася насычаная праграма чацвёртага гульнявога дня. Каманды паказалі цікавы на высокіх хуткасцях футбол, але барацьба ішла пераважна паміж штрафнымі пляцоўкамі без вострых момантаў. Фактычна, за ўвесь паядынак рэальных момантаў, каб забіць, было два. Абодва ў Харватыі і абодва яны выкарысталі. На 32-й хвіліне Манджукіч злаўчыўся ў падзенні прабіць галавой пасля падачы ад кута поля. Здарыўся рыкашэт ад абаронцы, пасля якога мяч апынуўся ў сетцы Менавіта на Этэбо і запісалі гэты гол. У другім тайме ў забітым голе таксама паўдзельнічаў Манджукіч, якога двума рукамі ўтрымліваў абаронца падчас скачку да мяча, пасля падачы з флангу. Пенальці рэалізаваў Модрыч. Нігерыя спадабалася, каманда імкнулася гуляць у хуткі футбол, атакаваць, але клас харватаў апынуўся вышэй.

Сёння на Чэмпіянаце свету па футболе пройдуць тры матчы групавога этапу

Першымі сёння пачнуць  каманды групы І. У Самары будуць змагацца футбалісты Сербіі і Коста Рыкі. Гэтая гульня пачнецца ў 15 гадзін па беларускім часе. Іх супернікі па квартэту – зборныя Бразіліі і Швейцарыі – у 21 гадзіну выйдуць на поле Растоў-Арэны. Ну а ў 18 гадзін у Маскве сустрэнуцца прадстаўнікі групы Ф – дзеючыя Чэмпіёны Свету – немцы і зборная Мексікі.  Мексіканцы паспрабуюць узяць рэванш у немцаў за паразу з лікам 1:4 на апошнім Кубку Канфедэрацый.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя