Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» на восьмым этапе „Дакара” – шосты
Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча заняў шостае месца на восьмым этапе ралі «Дакар».
Экіпаж Сяргея Вязовіча саступіў лідару заезду 18 мін 38 сек. На першай пазіцыі размясціўся грузавік расейскага «КАМАЗ-майстра» Андрэя Каргінава, які пераадолеў 477 км за 4 гадз 24 мін 58 сек. Другім стаў яго таварыш па камандзе Антон Шыбалаў (адставанне 5 мін 54 сек). Трэцім фінішаваў грузавік чэшскай «Прагі» (адставанне 9 мін 6 сек).
У агульным заліку грузавікоў беларус Сяргей Вязовіч па-ранейшаму размяшчаецца на трэцяй пазіцыі (адставанне 1 гадз 5 мін 17 сек). Лідзіруе экіпаж «КАМАЗ-майстар» Андрэя Каргінава (34 гадз 31 мін 43 сек). На другім месцы знаходзіцца яго партнёр па камандзе Антон Шыбалаў (адставанне 27 мін 6 сек).
«Дакар» упершыню праходзіць на Блізкім Усходзе, куды старты перабраліся пасля 11 гадоў у Паўднёвай Амерыцы. З 2020 года як мінімум пяць гадоў запар ралі-марафон будзе прымаць Саудаўская Аравія. Уся дыстанцыя складзе 7900 км. На старт выйшаў 351 экіпаж (134 пазадарожнікі і UTV, 170 матацыклаў і квадрацыклаў, 47 грузавікоў). Фінішуе ралі-рэйд 17 студзеня.
У трэнерскі штаб берасцейскага „Дынама” ўвайшлі Дзмітрый Мазалеўскі і іспанец Франсіска Балагер
Берасцейскае „Дынама” выйшла з адпачынку. Да новага сезону каманда будзе рыхтавацца з абноўленым трэнерскім штабам. Як паведамляе прэс-служба клуба, у трэнерскі склад, апроч галоўнага трэнера Сяргея Кавальчука і старэйшага трэнера Андрэя Пракапюка, увайшлі Дзмітрый Мазалеўскі і іспанец Франсіска Балагер. А ў трэнерскі штаб „Шахцёра” увайшоў ўкраінскі спецыяліст Дзмітрый Кара-Мустафа. Ён будзе працаваць першым памочнікам галоўнага трэнера. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба.
У кваліфікацыі „Australian Open” ад Беларусі выступяць Вольга Гаварцова і Ілля Івашка
14 студзеня стартуе кваліфікацыя да першага ў сезоне турніру „Вялікага шлема”. Ад Беларусі ў адборы паўдзельнічаюць Вольга Гаварцова (190 ВТА) і Ілля Івашка (148 АТП). Гаварцова ў першым раўндзе кваліфікацыі згуляе з аўстралійкай Эбі Майерс (323), а Івашка на старце сустрэнецца з брытанцам Ліамам Бродзі (234). У асноўнай сетцы Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі месцы ўжо забранявалі Арына Сабаленка, Аляксандра Сасновіч і Ягор Герасімаў.
Аляксандра Сасновіч прайграла ў 1/16 фіналу турніру ў Адэлаідзе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч пацярпела паразу ў першым раўндзе адзіночнага разраду турніру ў аўстралійскай Адэлаідзе. У матчы 1/16 фіналу беларуска саступіла амерыканскай тэнісістцы Даніэль Колінз ў двух сэтах – 3:6, 2:6. У парным разрадзе Аляксандра будзе выступаць разам з прадстаўніцай Швейцарыі Вікторыяй Галубіч. У першым крузе іх сапернікам будзе амерыканскі тандэм Сафія Кенін / Бетані Матэк-Сандс.
Найлепшым навічком тыдня прызнаны нападнік менскага „Дынама” Арцём Аносаў
Камісія па вызначэнні лепшых хакеістаў чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі на падставе статыстычных дадзеных выступленняў гульцоў вызначыла лаўрэатаў 17-га тыдня турніру. Найлепшым навічком прызнаны нападнік менскага „Дынама” Арцём Аносаў, які адзначыўся галявымі перадачамі ў абодвух матчах тыдня. Набраныя ачкі сталі першымі ў КХЛ для 20-гадовага беларускага гульца.
Аляксандр Гутар адмовіў „Крылам Саветаў” і пяройдзе ў салігорскі „Шахцёр”
Галкіпер зборнай Беларусі Аляксандр Гутар ў бліжэйшы час падпіша кантракт з салігорскім „Шахцёрам”. Як перадаюць крыніцы pressball.by, у брамніка была прапанова ад самарскіх „Крылаў Саветаў”. Расейскі клуб прапанаваў больш выгадныя фінансавыя ўмовы, аднак 30-гадовы беларус прыняў рашэнне застацца ў Беларусі і перайсці ў „Шахцёр”. У мінулым сезоне Аляксандр Гутар абараняў колеры берасцейскага „Дынама”, з якім стаў чэмпіёнам Беларусі.