Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» страціў лідарства на ралі «Дакар»



Экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча, страціўшы 16 хвілін, завяршыў чацвёрты этап ралі «Дакар» на 6-й пазіцыі і страціў лідарства.

Экіпаж Сяргея Вязовіча зараз займае другое месца і прайграе больш за 10 хвілін новаму лідару, расейскаму экіпажу пад кіраўніцтвам Андрэя Каргінава з каманды «КАМАЗ-майстар».

«Рэал» абыграў «Валенсію» і выйшаў у фінал Суперкубка Іспаніі

У матчы паўфіналу Суперкубка Іспаніі «Валенсія» сустракалася з мадрыдскім «Рэалам». Гульня прайшла на стадыёне «Кінг Абдула Спорц Сіці» у горадзе Джыда, што ў Саўдаўскай Аравіі і завяршылася перамогай мадрыдскай каманды з лікам 3:1. На 15-й хвіліне лік у матчы прамым ударам з кутавога адкрыў паўабаронца «Рэала» Тоні Крос. На 39-й хвіліне хаўбек Іска умацаваў перавагу мадрыдскай каманды. У другім тайме, на 65-й хвіліне, паўабаронца «Рэала» Лука Модрыч давёў лік у матчы да разгромнага. У кампенсаваны час матчу хаўбек «Валенсіі» Даніэль Парэха паспяхова рэалізаваў пенальці. У фінальным матчы турніру мадрыдская каманда згуляе з пераможцам пары «Барселона» – «Атлетыка» – гэты матч пройдзе сёння.

БАТЭ завяршыў фармаванне трэнерскага штаба. У яго ўвайшоў іншаземец

Трэнерскі штаб БАТЭ цалкам укамплектаваны, паведамляе сайт клуба. У яго ўвайшоў 31-гадовы серб Лука Еўтавіч, які будзе трэнерам-аналітыкам. Гэты спецыяліст у апошні час сумяшчаў працу ў бялградскім «Важдавацэ« і моладзевай зборнай сваёй краіны. Ён таксама прыцягваўся ў якасці эксперта да эфіраў на сербскім тэлебачанні і дапамагаў разбіраць матчы фінальнага турніру чэмпіянату свету па футболе ў 2018 годзе. Таксама новаму галоўнаму трэнеру Кірылу Альшэўскаму будзе дапамагаць спецыяліст, які перайшоў з «Віцебску». Старшым трэнерам застанецца Аляксандр Лісоўскі, з брамнікамі працягне працаваць Андрэй Дрозд.

Беларускія гандбалісты згуляюць з сербамі на старце чэмпіянату Еўропы

Гандбалісты зборнай Беларусі сёння правядуць стартавы паядынак на чэмпіянаце Еўропы ў аўстрыйскім Грацы. У матчы першага тура папярэдняй групы А падначаленыя Юрыя Шаўцова згуляюць з камандай Сербіі (пачатак у 20.15 па беларускім часе, прамая трансляцыя на тэлеканале »Беларусь 5«). У іншым паядынку гульнявога дня ў гэтым квартэце сустрэнуцца зборныя Чарнагорыі і Харватыі. У другі дзень спаборніцтваў, 11 студзеня, беларусы будуць супернічаць з харватамі, а 13 студзеня завершаць першы этап сустрэчай з чарнагорцамі. Два гады таму ў Харватыі золата еўрапейскага першынства заваявалі гандбалісты Іспаніі, якія перамаглі ў фінале каманду Швецыі 29:23.

Жаночым спрынтам пачнецца этап Кубка свету па біятлоне ў Оберхофе

Жаночай спрынтарскай гонкай стартуе чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне, які пройдзе ў нямецкім Оберхофе. Сярод беларускіх дзяўчат за ўзнагароды пазмагаюцца Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны. Гонка стартуе ў 16.30 па беларускім часе. Завершацца спаборніцтвы 12 студзеня мужчынскім і жаночым мас-стартамі.

Чэмпіянат Беларусі па трох відах барацьбы стартуе ў Менску

Чэмпіянат Беларусі па грэка-рымскай, вольнай і жаночай барацьбе стартуе сёння ў Менску. »Чэмпіянат Беларусі дазволіць адабраць наймацнейшых атлетаў у сваіх вагавых катэгорыях, якія ў далейшым будуць змагацца на алімпійскіх ліцэнзійных турнірах. Спаборніцтвы пройдуць у сакавіку ў Будапешце і ў красавіку ў Сафіі«, – сказаў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Камандар Маджыдаў. Ён адзначыў, што гэтыя спаборніцтвы таксама стануць адборавымі для маладых атлетаў, каб трапіць у нацыянальную каманду Беларусі. Сярод вядомых спартоўцаў па грэка-рымскай барацьбе выступяць Максім Кажарскі, Саслан Даўраў, Радзік Куліеў, Джавід Гамзатаў і Аляксандр Грабовік. У дзяўчат у ліку іншых за ўзнагароды спаборніцтваў пазмагаюцца Ксенія Станкевіч, Ванэса Каладзінская, Марыя Мамашук і Васіліса Марзалюк.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА