Экіпаж Сяргея Вязовіча выйграў трэці этап ралі „Дакар-2021”
Пераможцам трэцяга этапа ралі „Дакар-2021″, які праходзіць у Саудаўскай Аравіі, у заліку грузавікоў стаў беларускі экіпаж пад кіраваннем Сяргея Вязовіча. «МАЗ-СПОРТаўта” Вязовіча пераадолеў спецучастак працягласцю 403 км за 3 гадзіны 45 хвілін і 14 секунд. Іншы беларускі экіпаж на чале з Аляксеем Вішнеўскім фінішаваў шостым. У агульным заліку Вязовіч ідзе другім, адстаючы ад расейца Дзмітрыя Сотнікава з каманды „КАМАЗ-МАЙСТАР” на 16 хвілін 56 секунд.
Радзькоў стаў галоўным трэнерам футбалістаў „Іслачы”
У 2021 годзе ў беларускіх футбольных клубах працягваюцца кадравыя перамены. Новым галоўным трэнерам „Іслачы” з Менскага раёна прызначаны Арцём Радзькоў. Ён змяніў Віталя Жукоўскага, які ўзначаліў барысаўскі БАТЭ 31 снежня. Склад барысаўчан пакінулі некалькі вядомых гульцоў, сярод якіх абаронца Ягор Філіпенка і паўабаронца Ігар Стасевіч. Экс-настаўнік БАТЭ Кірыл Альшэўскі ўзначаліў берасцейскі „Рух”, які раней трэніраваў Аляксандр Сяднёў. Новым галоўным трэнерам „Віцебска” стаў Яўген Чарнухін, які працаваў у структуры БАТЭ. Яго папярэднік Сяргей Ясінскі цяпер будзе трэніраваць моладзевую зборную Беларусі.
Арына Сабаленка, Аляксандра Сасновіч і Лідзія Марозава даведаліся суперніц турніру ў Абу-Дабі
Адбылося лёсаванне парнага разраду жаночага тэніснага турніру ў Абу-Дабі, які пройдзе з 6 па 13 студзеня. У ім выступяць тры беларускі: Аляксандра Сасновіч складзе тандэм з Лідзіяй Марозавай, а Арына Сабаленка згуляе разам з бельгійкай Эліз Мертэнс. У першым крузе Сасновіч і Марозава памераюцца сіламі з расейкай Дар’яй Касаткінай і эстонкай Анэтт Кантавэйт. Сабаленка і Мертэнс з-за высокага рэйтынгу ўступяць у барацьбу з другога раўнда.
Сонь Хын Мінь – найлепшы футбаліст Азіі ў 2020 годзе
Форвард лонданскага „Тотэнхэма” Сонь Хын Мінь прызнаны найлепшым футбалістам Азіі 2020 году па версіі тэлеканала „Fox Sports Asia”. Па выніках апытання 28-гадовы футбаліст упэўнена размясціўся на першым месцы, абышоўшы бліжэйшага пераследніка – нападніка „Зеніта” Сердара Азмуна на 200 балаў. У бягучым сезоне чэмпіянату Англіі карэйскі форвард правёў 16 матчаў у якіх забіў 12 мячоў.
Беларускае Радыё Рацыя