Экіпаж Вязовіча заняў трэцяе месца на „Дакары-2020”



Капотны грузавік «МАЗ», якім кіраваў Сяргей Вязовіч, стаў трэцім паводле вынікаў ралі-рэйду «Дакар-2020» у Саудаўскай Аравіі. Другі раз у гісторыі беларускі экіпаж аказваецца на п’едэстале самага прэстыжнага аўтамарафону ў свеце, адзначылі ў прэс-службе ААТ «МАЗ».

Для капотного «МАЗа» гонка стала дэбютам на «Дакары». Завяршылася яна кароткім спецучасткам з Харада ў Кідзію – невялікі горад побач з Эр-Рыядам.

Пераможцам марафону стаў расеец Андрэй Каргін, на другім месцы – яго партнёр па камандзе Антон Шыбалаў. Да найлепшага выніку беларусам не хапіла прыблізна дзвюх гадзін. За трэцяе месца членам экіпажа будуць уручаныя «Залатыя бедуіны» – знакамітыя статуэткі для пераможцаў і прызёраў «Дакара».

Малады беларускі пілот Аляксей Вішнеўскі палепшыў вынік сваіх выступленняў на «Дакары», заняўшы восьмае месца. Чэмпіёну ён прайграў 5 гадзін 24 хвіліны. Шматразовы ўдзельнік ралі-рэйдаў Аляксандр Васілеўскі скончыў гонку на 12-й пазіцыі з адставаннем у 6 гадзін 52 хвіліны.

Аднак самым паспяховым для беларусаў быў «Дакар-2018». Тады Вязовіч заваяваў срэбра прэстыжнага ралі-рэйду. У тым жа годзе ён прыйшоў першым на Turkmen Desert Race. А прыкладна праз год стаў чэмпіёнам Morocco Desert Challenge. Характэрна, што ў афрыканскай гонцы ён упершыню выступаў на капотным аўтамабілі.

Паводле слоў прадстаўнікоў мазаўскай каманды, удзел у «Дакары» апроч спартыўных меў і іншыя мэты. Многія канструктарскія ноу-хау прайшлі выпрабаванне ў гоначных умовах, што дасць магчымасць удасканаліць і серыйную вытворчасць грузавікоў. Паспяховыя выступленні таксама спрыяльна адбіваюцца на іміджы МАЗа ў свеце.

Ралі-рэйд «Дакар-2020» стартаваў 5 студзеня ў Джэдзе і завяршыўся 17 студзеня ў Кідзіі. Працягласць маршруту склала прыблізна 8 тысяч кіламетраў, прычым больш за палову з іх прыпалі на спецучасткі. У гонцы ўзялі ўдзел звыш 350 экіпажаў з усяго свету. Толькі ў класе грузавікоў спаборнічалі прыкладна 50 машын, з іх менш за 30 дабраліся да фінішу.

БелаПАН