Эліс Бакай перайшоў з берасцейскага „Дынама” ў берасцейскі „Рух”



Албанскі хаўбек Эліс Бакай перайшоў з берасцейскага „Дынама” ў берасцейскі „Рух”. Кантракт паўабаронцы разлічаны на адзін год, паведамляе прэс-служба „Руха”.

Па заканчэнні тэрміну кантрактаў салігорскі „Шахцёр” пакідаюць Ігар Бурко і Аляксандр Сялява. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Ігар Бурко згуляў за каманду 147 матчаў ва ўсіх турнірах, забіў 9 галоў і зрабіў 16 выніковых перадач. Аляксандр Сялява ва ўсіх турнірах правёў 149 (2+2) сустрэч за „Шахцёр”.

НХЛ зацвердзіла склад дывізіёнаў і назвала дату старту новага сезона

Нацыянальная хакейная ліга (НХЛ) і Асацыяцыя гульцоў НХЛ (NHLPA) зацвердзілі склад дывізіёнаў і дату пачатку новага сезона рэгулярнага чэмпіянату. Як паведамляецца на сайце прафсаюза гульцоў, „рэгулярка” НХЛ пачнецца 13 студзеня і завершыцца 8 траўня. Кожная каманда ў рэгулярным чэмпіянаце правядзе па 56 матчаў замест традыцыйных 82. У плэй-оф НХЛ будуць удзельнічаць 16 каманд у супрацьстаянні да чатырох перамог.

Галоўны трэнер „Жальгірыса” Аляксей Бага і яго памочнік Валер Тарасенка пакідаюць літоўскую каманду

Галоўны трэнер „Жальгірыса” беларус Аляксей Бага і яго памочнік Валер Тарасенка выказалі жаданне перапыніць дзеючы кантракт з камандай. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. У адказ на гэтыя запыты кіраўніцтва пачало перамовы па скасаванні пагадненняў.

Форвард зборнай Беларусі Джэф Плат падпісаў кантракт з „Салаватам Юлаевым”

Форвард зборнай Беларусі па хакеі Джэф Плат афіцыйна перайшоў у „Салават Юлаеў”. Бакі заключылі аднагадовы кантракт, паведамляе твітар КХЛ. За клуб са сталіцы Башкартастана таксама выступаюць беларускія абаронцы Дзмітрый Корабаў і Яўген Лісавец. У гэтым сезоне 35-гадовы гулец выступаў за „Аўтамабіліст”. У рэгулярным чэмпіянаце Плат набраў 6 (3+3) ачкоў у 28 гульнях пры паказчыку карыснасці „-8”.

Алег Патоцкі прызнаны MVP сезона ў „Іслачы”

Вызначаны найлепшы гулец у складзе „Іслачы” па выніках 2020 года. Завяршылася апытанне заўзятараў „ваўкоў”, капітана Дзмітрыя Камароўскага і галоўнага трэнера Віталя Жукоўскага, якія вызначалі сваю тройку лепшых футбалістаў. Па выніках галасавання больш за ўсіх балаў набраў Алег Патоцкі. Для 29-гадовага паўабаронцы сезон-2020 не зладзіўся выніковым у плане асабістай статыстыкі, але яго стабільная і надзейная гульня ў цэнтры поля на працягу ўсяго года была значна больш каштоўнай, – піша сайт „Іслачы”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sputnik.by