Эліта не для „Белшыны” і „Граніта”
У нядзелю завяршыўся чэмпіянат Беларусі па футболе. Апошні тур меў некалькі маленькіх інтрыг, на якія атрыманы адказы.
Няўдачнікі сезону бабруйская „Белшына” і мікашэвіцкі „Граніт” воляй лёсу ў заключным туры сустракаліся паміж сабой. Матч скончыўся нічыёй – 1:1, што азначала развітанне абедзвюх каманд з элітай. Паралельна наваполацкі „Нафтан” у Гародні на апошніх хвілінах вырваў перамогу – 1:0 і не толькі захаваў выратавальную пазіцыю, але і абыйшоў нягеглы ў гэтым чэмпіянаце „Нёман”.
Чацвертае месца ў першынстве заняў ФК „Менск”, які мінімальна адолеў таксама сталічных „Крумкачоў” –1:0. Падначаленыя Георгія Кандрацьева такім чынам заваявалі права выступіць у еўракубках. Дадамо, што менавіта „Менск” стаў мацнейшым у турніры дублёраў. А галкіпер гараджанаў Андрэй Клімовіч усталяваў новы рэкорд чэмпіянатаў Беларусі – 18 сустрэч ( з 30-ці) праведзеных без прапушчаных галоў! На яго рахунку таксама найбольш працяглая „сухая” серыя гэтага чэмпіянату – 669 хвілін.
Астатнія матчы 30 туру завяршыліся так: „Славія” (Мазыр) – „Дынама” (Менск) – 1:0, „Іслач” – „Слуцк” – 2:0, „Дынама” (Берасце) – „Віцебск” – 3:0, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – „Шахцер” (Салігорск) – 1:1, БАТЭ (Барысаў) – „Гарадзея” – 5:0.
У апошняй сустрэчы ў Барысаве павінен быў вызначыцца лепшы бамбардзір турніру. Аднак аднаасобнага героя сёлета няма. Віталь Радзівонаў і Міхаіл Гардзяйчук забілі па мячы ў браму „Гарадзеі” і падзялілі лаўры першага снайпера – у абодвух па 15 галоў. У жодзінца Вадзіма Дземідовіча і салігорца Мікалая Януша – па 12 мячоў.
Выніковае становішча клубаў такое:
1. БАТЭ (Барысаў) – 70 ачкоў
2. „Шахцер” (Салігорск) – 59
3. „Дынама” (Менск) – 55
4. ФК „Менск” – 53
5. „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – 48
6. ФК „Віцебск” – 42
7. „Іслач” (Менскі раён) – 41
8. „Дынама” (Берасце) – 40
9. ФК „Гарадзея” – 38
10. „Славія” (Мазыр) – 35
11. „Крумкачы” (Менск) – 33
12. ФК „Слуцк” – 30
13. „Нафтан” (Наваполацк) – 29
14. „Нёман” (Гародня) – 29
15. „Белшына” (Бабруйск) – 25
16. „Граніт” (Мікашэвічы) – 25
Беларускае Радыё Рацыя