„Энергетык-БДУ” і „Віцебск” згулялі ўнічыю ў першым пераходным матчы
Менскі „Энергетык-БДУ” і футбалісты „Віцебска” не выявілі пераможцу ў першым пераходным матчы за права выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ў 2024 годзе.
На полі сталічнага РЦАР-БДУ абедзве каманды мелі магчымасці выйсці наперад, але лік так і не быў адкрыты – нічыя 0:0. Паядынак у адказ адбудзецца 9 снежня ў Віцебску. У гэтым сезоне „Энергетык-БДУ” заняў 14-е, перадапошняе месца ў элітным дывізіёне, а „Віцебск” фінішаваў трэцім у першай лізе нацыянальнага чэмпіянату. Вышэйшую лігу пакідае бабруйская „Белшына”, дзяржынскі „Арсенал” і магілёўскі „Дняпро” заваявалі прамыя пуцёўкі ў эліту.
Сарагоса стане гульцом «Баварыі» (Фабрыцыа Рамана)
Вінгер «Гранады» Браян Сарагоса пяройдзе ў „Баварыю”, паведаміў журналіст Фабрыцыа Рамана. Сума трансферу складзе 15 мільёнаў еўра. Гэта клаўсула, прапісаная ў яго дамове. Да канца сезона ён застанецца ў „Гранадзе” на правах арэнды. Пагадненне з „Баварыяй” будзе дзейнічаць да 2028 года. Раней былі чуткі, што на гульца таксама прэтэндавалі „Лейпцыг” і „Брэнтфард”. У гэтым сезоне на рахунку Браяна 5 галоў і 2 выніковыя перадачы, у тым ліку дубль у браму „Барселоны”. У кастрычніку ён дэбютаваў за зборную Іспаніі, згуляўшы тайм супраць Шатландыі.
Салаўёў набраў першы бал у НХЛ
Беларускі абаронца „Калгары Флэймз” Ілля Салаўёў зарабіў першы выніковы бал у кар’еры ў Нацыянальнай хакейнай лізе. У ноч на сераду „Калгары” прымаў „Мінесоту” – гэты матч стаў для Салаўёва трэцім у гэтым сезоне НХЛ. У пачатку заключнай 20-хвілінкі беларускі абаронца асіставаў форварду Конару Зэры, аднак гэтая шайба гаспадарам не дапамагла: „агеньчыкі” саступілі з лікам 2:5. Усяго Ілля правёў на лёдзе 14 з паловай хвілін, нанёс 3 кідкі па брамцы, ужыў 1 сілавы прыём і скончыў матч з паказчыкам карыснасці „0”. Таксама на лёд у складзе „Калгары” выходзіў яшчэ адзін беларускі хакеіст клуба Ягор Шаранговіч. За 18 з паловай хвілін на пляцоўцы нападнік выканаў тры кідкі, аднойчы выдаліўся, заблакаваў адзін кідок суперніка і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „-1”. Пасля 25 паядынкаў сезона ў актыве Шаранговіча 11 (5+6) выніковых балаў. „Флэймз” з 23 ачкамі займаюць дзясятае месца ў Заходняй канферэнцыі, наступную гульню „агеньчыкі” правядуць 8 снежня на хатняй арэне супраць „Караліны”.
Беларус Алістраў згуляе ў Матчы зорак Кантынентальнай хакейнай лігі
У складзе каманды дывізіёна Баброва на Матч зорак Кантынентальнай хакейнай лігі-2023 адбылася замена, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу КХЛ. Першапачаткова ўдзел у зорным уікендзе павінен быў прыняць нападнік ХК „Сочы” Мацвей Мічкоў, але юны форвард вымушаны прапусціць мерапрыемства з-за хваробы. Мічкова заменіць беларускі нападнік пецярбургскага СКА Уладзімір Алістраў – у бягучым сезоне наш хакеіст з’яўляецца лепшым бамбардзірам „армейцаў”, набраўшы 30 (12+18) ачкоў у 37 матчах.
Беларускае Радыё Рацыя