Менскае „Дынама” перапыніла чорную паласу
Менскае «Дынама» святкавала перамогу над чэшскай «Вікторыяй» ў матчы 5-га тура групавога этапу Лігі Еўропы УЕФА. Гульня адбылася на «Барысаў-Арэне» і завяршылася з лікам 1:0. Адзіны гол на 3-й дададзенай да другога тайма хвіліне забіў Ненад Адамавіч. Ён прабіваў пенальці за знос Фатаса Бечырая, але брамнік «Вікторыі» Пётр Болек адбіў удар, аднак Адамавіч здолеў дабіць мяч у браму.
Цікава, што на 90-й хвіліне матчу з поля быў выдалены Алег Вераціла. Выдаленне здарылася ў працэсе замены. На полі павінен быў выйсці Максім Вітус. Пакідаючы арэну Вераціла зняў гульнявую цішотку, пад якой была яшчэ адна. На ёй былі напісаны словы падзякі менскаму «Дынама» і яго заўзятарам – Верацілаа пакідае сталічны клуб. Суддзя матчу басніец Огнен Валіч паказаў Верацілу жоўтую картку, якая ў футбаліста апынулася ўжо другой. У экспрэс-каментары пасля матчу галоўны трэнер «Дынама» Вук Рашавіч сказаў, што ўчынак Верацілы быў для яго нечаканым. Перамога над «Вікторыяй» – першая на групавым этапе гэтага розыгрышу Лігі Еўропы для менскага «Дынама». Абедзве каманды страцілі шанцы на выхад у плэй-оф і ў заключным туры будуць завочна аспрэчваць трэці радок у сваёй групе.
«Легія» пад кіраўніцтвам расейскага трэнера Станіслава Чарчэсава перамагла «Мідт’юлан» ў матчы 5-га тура групавога этапу Лігі Еўропы. Сустрэча праходзіла ў Варшаве на стадыёне «Пэпсі-Арэна – Войска Польскага» і скончылася з лікам 1:0. Адзіны гол забіў Аляксандар Прыёвіч. «Легія» святкавала першую перамогу на групавым этапе турніру. Познаньскі «Лех» у сваю чаргу здабыў на выездзе адно ачко, згуляўшы ўнічыю з партугальскім «Белененсешам».
Беларускае Радыё Рацыя