„Эрцгебірге” афіцыйна прадставіў Аляксея Шпілеўскага
Клуб нямецкай другой бундэслігі „Эрцгебірге” прадставіў свайго новага галоўнага трэнера Аляксея Шпілеўскага.
Кантракт беларускага спецыяліста разлічаны на тры гады. Аляксей Шпілеўскі перабраўся ў Германію ў пачатку чэрвеня з Алмацінскага „Кайрата”. У Казахстане ён прапрацаваў два з паловай гады, выйграўшы залатыя медалі нацыянальнага першынства.
„Шахцёр” даведаўся магчымых супернікаў у другім крузе кваліфікацыі ЛЧ
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне 2-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіён Беларусі салігорскі „Шахцёр” у першым раўндзе галоўнага кантынентальнага турніру згуляе з балгарскім клубам „Лудагорац”. Першую сустрэчу падапечныя Рамана Грыгарчука правядуць 6 ці 7 ліпеня ў гасцях, а 13 ці 14 ліпеня возьмуць супернікаў на сваёй арэне. Пераможца гэтага супрацьстаяння ў другім крузе кваліфікацыі ЛЧ сустрэнецца з пераможцам матчаў паміж паўночнамакедонскай „Шкендзіяй” і славенскім клубам „Мура”.
Затрыманы трэнер «Віцязя» Канстанцін Якаўлеў
Затрыманы галоўны трэнер гандбольнага «Віцязя» і актывіст SOS_BY Канстанцін Якаўлеў. Ён прыязджаў у Баранавічы сустракаць аўтара Tribuna.com Дзмітрыя Руто, які выйшаў на волю. Таксама сустракаць журналіста прыязджалі Вольга Хіжынкова, валейбаліст Артур Удрыс, змагар Сцяпан Папоў, экс-футбаліст Васіль Хамутоўскі, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, баец Іван Ганін і іншыя.
Сёке і Анціч могуць пакінуць «Шахцёр»
Гульцы «Шахцёра» Юліюс Сёке і Нікола Анціч могуць пакінуць каманду, паведамляе журналіст Уладзіслаў Татур.
«На дадзены момант «Шахцёр» не прапаноўвае двум вядучым футбалістам працягнуць кантракты, якія мінаюць ў канцы года», – напісаў Татур.
Анціч у 7 матчах чэмпіянату забіў 1 мяч і зрабіў 2 галявыя перадачы. Сёке адыграў у 10 гульнях, у якіх таксама адзначыўся голам і 2 асістамі.
Удзельнікаў Гульняў у Токіо дэпартуюць за парушэнне анцікавідных правілаў
Удзельнікаў Гульняў XXXII Алімпіяды ў Токіо могуць дэпартаваць за парушэнне анцікавідных правілаў. Такія патрабаванні ўтрымліваюцца ў абноўленым зводзе правіл арганізатараў для атлетаў, апублікаваных на афіцыйным сайце МАК. Абноўленыя правілы для журналістаў, якія маюць намер асвятляць Гульні, а таксама для сябраў дэлегацый і абслугоўваючага персаналу зборных, будуць таксама апублікаваныя на гэтым тыдні. Гульні XXXI Алімпіяды ў Токіо пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: prosports.kz