Этап Кубка свету ў Нова-Месца пройдзе без гледачоў



Сёмы этап Кубка свету па біятлоне ў Нова-Месца (Чэхія) пройдзе без гледачоў з-за каронавірусу.

«Гэта рашэнне савета бяспекі дзяржавы, і арганізатарам спаборніцтваў прыйдзецца з ім змірыцца. Улічваючы, колькі чалавек павінна прысутнічаць на мерапрыемстве, гэта неабходная мера стрымання, і, на маю думку, іншай альтэрнатывы не было», – сказаў міністр унутраных спраў Чэхіі Ян Гамачак. Арганізатары этапу чакалі, што спаборніцтвы наведаюць каля 100 тысяч гледачоў. Раней паведамлялася, што этап Кубка свету ў Нова-Месцы могуць адмяніць, так як у горадзе быў шпіталізаваны мужчына з падазрэннем на каронавірус.

Зборную Беларусі на гэтым этапе ў мужчын прадставяць Раман Ялётнаў, Антон Смольскі, Сяргей Бачарнікаў і Мікіта Лабастаў. У дзяўчат за ўзнагароды форуму пазмагаюцца Ірына Крыўко, Алена і Ірына Кручынкіны і Ганна Сола.

Арына Сабаленка паднялася на 11-е месца ў рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка займае 11-е месца ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Тыдзень таму Арына займала 13-ы пазіцыю, а пасля перамогі на турніры ў Досе паднялася на два месцы. У Вікторыі Азаранка 56-я пазіцыя, Аляксандра Сасновіч на 116-й пазіцыі, Вольга Гаварцова займае 142-е месца.

Вызначыліся пары плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

Пасля групавога этапу вызначыліся ўсе ўдзельнікі першага раўнда плей-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. Польскі «Віве» з Кельце, за які гуляюць беларусы Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш, сустрэнецца са славенскім «Цэле».

У астатніх матчах за выхад у чвэрцьфінал ЛЧ згуляюць:

«Дынама» (Бухарэст, Румынія) – «Пары Сен-Жэрмен» (Францыя), «Вісла» (Плоцк, Польшча) – «Веспрем» (Венгрыя), «Вардар» (Скоп’е, Паўночная Македонія) – «Пік» (Сегед, Венгрыя), «Порту» (Партугалія) – «Ольбарг» (Данія), «Фленсбург» (Германія) – «Манпелье» (Францыя).

Аляксей Протас адзначыўся чарговай шайбай і набраў 73-е ачко ў сезоне

«Прынс Альберт» на хатнім лёдзе абыграў «Мус Джл Уорыарз» – 3:2. Вырашальную шайбу ў пачатку трэцяга перыяду закінуў беларус Аляксей Протас. Для нападніка гэта ачко стала 73 (29+44) у сезоне. Акрамя гэтага форвард чатыры разы кінуў па брамцы суперніка пры паказчыку карыснасці «+1».

Беларускае Радыё Рацыя