Фаварыты пачалі ЧС па хакеі з упэўненых перамог
Чэмпіянат свету па хакеі ў Чэхіі пачаўся з упэўненых перамог прадстаўнікоў Паўночнай Амерыкі – зборных ЗША і Канады. У групе А канадцы гулялі з Латвіяй і да 24-й хвіліны ўжо вялі з лікам 5:0. Дублем адзначыўся Джэйсан Спеца, а яшчэ па шайбе закінулі Натан Макінан, Мэт Дзюшэн і Тайсан Тофалі. Пасля гэтага ў складзе зборнай Латвіі адбылася замена брамніка: замест Эрвіна Муштукава на пляцоўку выйшаў Эдгарс Масальскіс. У сярэдзіне трэцяга перыяду Каспарс Даугавіньш адквітаў адну шайбу, а на апошняй хвіліне канчатковы лік усталяваў капітан канадцаў Сідні Кросбі, які рэалізаваў буліт – 6:1. Змаганне ў групе В пачалася з матчу зборных ЗША і Фінляндыі, у якім фаварытамі лічыліся еўрапейцы. Амерыканцы прывезлі на чэмпіянат малады склад з прадстаўнікамі студэнцкіх ліг. Тым не менш, іх яркая гульня стала вялікім сюрпрызам для фінаў. Падначаленыя Тода Рычардса нечакана выйгралі з буйным лікам 5:1. Зборная Расеі ўпэўнена выйграла свой першы матч на чэмпіянаце свету, перамогшы каманду Нарвегіі з лікам 6:2. Падначаленыя Алега Знарка ўпэўнена пачалі сустрэчу і ўжо на чацвёртай хвіліне вялі 2:0. Галы на свой рахунак запісалі Вадзім Шыпачоў і Арцём Анісімаў. Да першага перапынку Даніс Зарыпаў і Віктар Ціханаў давялі перавагу сваёй каманды да чатырох шайбаў. У пачатку другога гульнёвага адрэзку Патрык Торэсен аформіў дубль і скараціў адставанне ў ліку, аднак неўзабаве Максім Чудзінаў і Арцемій Панарын аднавілі перавагу зборнай Расеі ў чатыры шайбы. Сапраўдная інтрыга трымалася да канца матчу гаспадароў турніру чэхаў са шведамі. Асноўны і даданы час скончыліся з лікам 5:5, а ў серыі булітаў поспех быў на баку «трэ-крунур». У выніку 6:5 на карысць шведаў.
Дружына Беларусі згуляе сёння з камандай Славеніі. Пачатак гульні а 17.15.
Беларускае Радыё Рацыя