Фазэль мае намер абмеркаваць ЧС па хакеі з Лукашэнкам



Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Рэнэ Фазэль сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам у студзені.

«Візіт запланаваны, абмяркуем сітуацыю, будзем рабіць усё магчымае, каб чэмпіянат свету адбыўся ў Менску. Для гэтага прыкладзем усе намаганні”, – сказаў Фазэль. Раней сустрэча сарвалася з-за станоўчага тэсту Рэнэ на каронавірус. Таксама Фазэль мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі Беларускага фонду спартовай салідарнасці, які ўзначальвае Аляксандра Герасіменя. Чэмпіянат свету па хакеі павінен адбыцца ў траўні-чэрвені ў Рызе і Менску. Латвійскі бок у верасні заявіў, што не мае намеру прымаць чэмпіянат сумесна з Беларуссю.

„Юнацтва” абыграла „Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі

Хакеісты сталічнага „Юнацтва” з буйным лікам абыгралі гарадзенскі „Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на лёдзе „Чыжоўка-Арэны” завяршылася на карысць каманды Аляксандра Макрыцкага з лікам 6:1. Хакеісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі „Дынама-Маладзечна”. Гульня завяршылася на карысць каманды Юрыя Файкова з лікам 3:0. У яшчэ адным паядынку дня „Магілёў” саступіў „Металургу” са Жлобіна — 1:3. Хакеісты „Гомеля” змаглі пераламіць ход паядынку і абыгралі аршанскі „Лакаматыў” — 4:1.

Кірыл Печэнін блізкі да падпісання кантракта з „Рухам”

Як стала вядома „ПБ”, абаронца зборнай Беларусі і берасцейскага „Дынама” Кірыл Печэнін блізкі да падпісання кантракта з „Рухам”. У чэмпіянаце-2020 23-гадовы гулец правёў 23 матчы, у якіх набраў 4 (1 + 3) балы. Раней з „Дынама” ў „Рух” перайшлі Эліс Бакай і Дэвід Твэ, падпісаў паўнавартасны кантракт з клубам Яўген Шаўчэнка. Паводле непацверджанай інфармацыі, працягнуць кар’еру ў „Руху” Павел Савіцкі і некаторыя іншыя футбалісты.

Гайгер стаў пераможцам першага этапу „Турнэ чатырох трамплінаў”

Немец Карл Гайгер стаў пераможцам першага этапу „Турнэ чатырох трамплінаў”, які адбыўся ў рамках Кубка свету па скачках на лыжах з трампліна ў нямецкім Оберстдорфе. Па суме двух спробаў пераможца набраў 291,1 бала. Другім стаў паляк Каміль Стох з вынікам 288,3, замкнуў тройку прызёраў прэстыжнага турніру нарвежац Марыус Ліндвік.

Другі этап „Турнэ чатырох трамплінаў” адбудзецца 31 снежня і 1 студзеня ў нямецкім Гарміш-Партэнкірхене.

«Барселона» прайграла «кілю» у фінале Лігі чэмпіёнаў

«Кіль» абыграў «Барселону» у фінале Лігі чэмпіёнаў (33:28). Нямецкая каманда стала чатырохразовым пераможцам турніру. Гандбалісты французскага клуба „Пары Сен-Жэрмен” сталі бронзавымі прызёрамі. У матчы за трэцяе месца парыжане ўзялі верх над вугорскім „Веспрэмам” з лікам 31:26.

„Барселона” не змагла адолець „Эйбар”

„Барселона” згуляла ўнічыю з „Эйбарам” у хатнім матчы 16-га тура чэмпіянату Іспаніі – 1:1. На гол Кіке на 57-й хвіліне адказаў праз 10 хвілін Усман Дэмбеле. На 8-й хвіліне Брэйсуэйт не рэалізаваў пенальці. „Севілья” святкавала перамогу над „Вільярэалам” у хатнім матчы – 2:0.

У матчы 16-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстар Юнайтэд» сустракаўся з «Вулверхэмптанам» сустрэча завяршылася перамогай манкуніянцаў – 1:0. Адзіны гол на 93-й хвіліне забіў Маркус Рашфард, прабіўшы з рыкашэтам у блізкі кут брамы.”Арсенал” узяў верх над „Брайтанам” ў выязным матчы – 1:0. „Кананіры” здабылі другую перамогу запар, дзякуючы голу Ляказэта на 66-й хвіліне гульні. «Лідс» у гасцях разграміў «Вэст Бромвіч» 5:0.

Левандоўскі і Осака сталі лепшымі спартоўцамі 2020 году па вэрсіі AIPS

Польскі форвард мюнхенскай „Баварыі” Роберт Левандоўскі і японская тэнісістка Наомі Осака былі прызнаныя лепшымі спартоўцамі года па версіі Міжнароднай асацыяцыі спартовай прэсы (AIPS). У галасаванні прынялі ўдзел 422 журналісты са 116 краін свету. У мужчын у першую пяцёрку таксама ўвайшлі брытанскі пілот „Формулы-1” Льюіс Хэмілтан, тэнісіст Рафаэль Надаль, амерыканскі баскетбаліст Леброн Джэймс і скакун з шастом са Швецыі Арман Дзюпланціс. У жанчын у ліку лепшых венесуэльская лёгкаатлетка Юлімар Рохас, тэнісісткі Серэна Уільямс і Іга Свёнтэк, а таксама італьянская гарналыжніца Федэрыка Брыньёнэ.

Беларускае Радыё Рацыя