Фестывальны паядынак Іспаніі з Партугаліяй



16 чэрвеня на чэмпіянаце першымі спаткаліся каманды квартэта “А” – Уругвай і Егіпет. Узяць верх “на класе” паўднёваамерыканцам доўга не ўдавалася. У першай палове “ла селестэ” сур’ёзна захраслі “паміж пяскоў егіпецкай зямлі”. Момантаў ля брамы “фараонаў” амаль не ўзнікала. Толькі аднойчы небяспечна выбухнуў Эдзінсан Кавані – галкіпер даў рады яго стрэлу. У іншым разе Луіс Суарэс змарнаваў выгодны момант. Уругваю, які звык больш дзеіць на контратаках, гульня “першым нумарам” ніяк не давалася. У цэнтры яму вельмі бракавала гэткага “фантазісты”, здольнага на неардынарнасць хадоў. Часам арганізоўваць атакі даводзілася нават абаронцу і капітану Дыега Гадыну, які пры тым бліскуча на пару з аднаклубнікам па мадрыдскім “Атлетыка” Хасэ Хіменэсам выконваў свае непасрэдныя функцыі.

Пасля перапынку праблем у ўругвайцаў менш не стала. Зразумеўшы крытычнасць моманту, мудры Оскар Табарас стаў “перамяшчаць фішкі”, замяніўшы адразу двух крайніх хаўбекаў. Пайшло весялей. Два выгодныя моманты безнадзейна сапсаваў барселонец Суарэс, непадобны сам на сябе ў гэты дзень. Урэшце уругвайцы ўсё ж даціснулі апанентаў са стандартаў. Спярша ледзь не забіў Кавані са штрафнога – пасля яго ўдару завібравала папярэчына егіпецкай брамы. А ў самым эндшпілі пасля розыгрышу свабоднага Хіменас галавой усё ж закалаціў мяч у сетку. Што да дружыны Егіпта, то яна глядзелася няблага, але яе лідар Махамед Салах з-за памятнай траўмы ў дзень сваіх 26-ых угодкаў так і не выйшаў на поле. 

Егіпет-Уругвай – 0:1 (гол Хасэ Хіменас, 89-я хвіліна)

Становішча ў групе “А”: Расея і Уругвай – па 3 ачкі, Егіпет – 0, Савудаўская Арабія – 0.

Спабор зборных Ірана і Марока ў групе “В” пачаўся з сапраўднага штурму “атласкіх львоў” – іранцы апынуліся проста прыціснутымі “да канатаў”. Аднак час ішоў, а мараканцы ніяк не маглі матэрыялізаваць сваю перавагу. Спакваля персы параўнялі гульню і ў канцоўцы тайма маглі нават выйсці наперад – Азмун не рэалізаваў выхад сам насам. Пасля антракту было шмат змагання, жорсткіх стыкаў і фолаў. Матч ужо каціўся ў нічыйную гавань, калі здарылася міні-трагедыя для магрыбцаў. На 95-й хвіліне няўдачнік Азіз Бухаддуз галавой эфектна зрэзаў мяч ва ўласную браму. Параза мараканцаў сталася надзвычай крыўднай.

Марока – Іран – 0:1 (Азіз Бухаддуз, 95)

Завяршаў вечар фестывальны паядынак Іспаніі з Партугаліяй. Агульны баланс гістарычных суседзяў быў выразна на баку іспанцаў – да гэтага яны перамаглі супернікаў 17 разоў, пацярпеўшы толькі 6 паразаў, яшчэ ў 13 спатканнях дружыны разыходзіліся мірам. Крышціяну Раналду давялося супрацьдзеіць сваім мадрыдскім аднаклубнікам. Ужо ў дэбюце адзін з іх – Нача Манрэаль зачапіў бамбардзіра ў штрафной. Так на іспанцаў “выліўся цэбар халоднай вады”. Раналду, які мае рэпутацыю не сама ўдалага пенальтыста, на гэты раз выканаў 11-мятровы ўзорна. “Чырвоная фурыя”, аднак хутка дайшла да сябе і ўсталявала татальны кантроль над мячом. Вёў рэй як звычайна Андрэс Ін’еста, які электрызаваў пераважна левы фланг. Але ліха да партугальцаў прыйшло па цэнтры – гэта Коста накруціў некалькі абаронцаў і ў більярдным стылі загнаў мяч у ніжні левы кут брамы. Іспанцы стварылі яшчэ пару гарачых момантаў, але не давялі іх да лагічнага канца. А ў канцоўцы тайма брамнік Давід дэ Хеа не здолеў адбіць просценькі удар Раналду – мяч па-здрадніцку мінуў рукі галкіпера. Пасля перапынку іспанцы закруцілі такую імклівую карусель, што хутка параўнялі лік і выйшлі наперад. У далейшым толькі піжонства і заўчасныя замены “фурыі рохі” не дазволілі ёй узяць законныя тры ачкі. Херард Піке неабачліва сфаліў на Раналду і той удала прабіў са штрафнога, аформіўшы першы хет-трык мундыялю.

Партугалія – Іспанія – 3:3 (Крышціяну Раналду, 4, з пенальці, 44, 88; Дыега Коста, 24, 55, Нача Манрэаль, 58)

Становішча ў групе “В”: Іран – 3 ачкі, Іспанія і Партугалія – па 1, Марока – 0.

Анонс суботніх сустрэч. Надзвычай рана – а 13-й гадзіне беларускага часу на поле ў Казані выйдуць каманды Францыі і Аўстраліі. Фаварытам амаль усе лічаць “трохкаляровых”, аднак прадстаўнікі акіянскага кантыненту заўсёды славіліся сваім характарам. Цікава, ці з’явіцца на поле шматгадовы важак аўтралійцаў Цім Кэхіл.

А 16-й гадзіне ў Маскве пачнуць змаганне Аргенціна з Ісляндыяй – абсалютна рознастылёвыя калектывы. Раней яны не сустракаліся ніколі, нават у таварыскіх матчах. Варта звярнуць на істотную розніцу ў фізічным росце футбалістаў – ісляндцы маюць сярэдні паказнік 185 сантыметраў – гэта сама высокая каманда чэмпіянату. Так што нізкарослым аргенцінцам давядзецца цяжка з змаганні на “другім паверсе”. Для прадстаўнікоў краіны гейзераў гэты мундыяль дэбютны – інтрыга хто з вікінгаў заб’е першы гістарычны мяч.

У гэтай жа групе “D” позна ўвечары ў Калінінградзе зыдуцца Харватыя з Нігерыяй. Гэта іх першы матч у гісторыі. Балканцам зноў раздаюць шмат авансаў, застаецца іх апраўдаць.

А 19-й гадзіне прагучыць стартавы свісток у Саранску – для дружын Перу і Даніі. Яшчэ адзін паўднёваамерыканскі-паўночнаеўрапейскі двубой. Абедзве зборныя маюць уражальныя серыі з 15 матчаў запар без паразаў. Праўдападобна, сумна не будзе.

Беларускае Радыё Рацыя