Фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў перанесены са Стамбула ў Порту



 Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) перанёс фінальны матч Лігі чэмпіёнаў паміж англійскімі клубамі „Манчэстар Сіці” і „Чэлсі” са Стамбула ў Порту. Такое рашэнне прынята ў сувязі з тым, што Вялікабрытанія ўнесла Турцыю ў чырвоны спіс краін з-за каронавірусных праблем і ангельскія заўзятары не змаглі б наведаць фінал. Партугалія ўваходзіць для брытанцаў у зялёны спіс і таму гульцам і заўзятарам не давядзецца праходзіць каранцін пасля вяртання з Порту. Канчатковая колькасць гледачоў на трыбунах стадыёна „Драгаў”, які змяшчае 52,2 тыс. чалавек, будзе зацверджана пасля кансультацый з партугальскім бокам. Заўзятарам абодвух удзельнікаў фіналу будзе выдзелена па 6000 квіткоў.

Арына Сабаленка завяршыла выступленне на турніры ў Рыме

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-1000 у Рыме. У 1/8 фіналу чацвёртая ракетка планеты прайграла ў двух сэтах амерыканскай тэнісістцы Коры Гаўф, якая займае 35-е месца ў сусветным рэйтынгу – 5:7, 3:6.

У матчы першага раўнда на турніры ІТФ у ЗША беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова (N 139 ВТА) саступіла амерыканцы Эшлін Кругер (980) з лікам 2:6, 7:5, 1:6.

Сорак гарадоў Японіі адмовіліся прымаць алімпійскіх спартоўцаў з-за COVID-19

Некаторыя японскія гарады адмовіліся прымаць алімпійскіх спартоўцаў з-за абвастрэння сітуацыі з COVID-19. Мясцовыя ўлады баяцца, што будуць перагружаныя медыцынскія ўстановы на фоне чацвёртай хвалі каронавіруснай інфекцыі. Сорак з больш чым 500 гарадоў, зарэгістраваных для прыёму міжнародных удзельнікаў, вырашылі не прымаць спартоўцаў у трэніровачныя лагеры. Каб прадухіліць успышку віруса падчас мерапрыемства, Японія рыхтуецца прапанаваць вакцынацыю прыкладна 2,5 тыс. алімпійскім і паралімпійскім спартоўцам і дапаможнаму персаналу.

Беларускія спартоўцы заваявалі 85 алімпійскіх ліцэнзій у 16 ​​відах спорту

Беларускімі спартоўцамі заваявана 85 алімпійскіх ліцэнзій у 16 ​​відах спорту па 79 відах праграмы. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Вячаслаў Дурноў. У прыватнасці, весляры на байдарках і каноэ заваявалі 12 ліцэнзій, плыўцы – 10, барцы вольнага стылю і прадстаўніцы мастацкай гімнастыкі – па 7, веласіпедысты – пяць, цяжкаатлеты і прадстаўнікі спартовай гімнастыкі – па дзве, барцы грэка-рымскага стылю і батутысты – па адной.

Беларускае Радыё Рацыя