Фінал Лігі чэмпіёнаў, верагодна, перанясуць са Стамбула ў Англію



Фінал Лігі чэмпіёнаў, у якім „Манчэстэр Сіці” сустрэнецца з „Чэлсі”, верагодна, будзе перанесены са Стамбула.

Паводле інфармацыі ESPN, УЕФА і Футбольная асацыяцыя Англіі вядуць перамовы па гэтым пытанні пасля таго, як брытанскі ўрад унёс Турцыю, дзе першапачаткова павінен быў прайсці фінальны матч, у „чырвоны спіс” краін для падарожжаў з-за сітуацыі з каронавірусам. Любы чалавек, які вярнуўся ў Вялікабрытанію з краіны ў „чырвоным спісе”, будзе абавязаны прайсці 10-дзённы каранцін. У мінулым годзе фінал Лігі чэмпіёнаў быў перанесены са Стамбула ў Лісабон з-за сітуацыі з каронавірусам.

Ілля Шкурын пяройдзе ў „Краснадар”, калі ЦСКА падпіша Забалотнага

Беларускі форвард ЦСКА Ілля Шкурын у бліжэйшы час можа пакінуць маскоўскую каманду. 21-гадовы беларус незадаволены сваім становішчам у клубе. У выпадку падпісання форварда „Сочы” Антона Забалотнага ён дакладна пакіне каманду. Беларускі настаўнік „Краснадара” Віктар Ганчарэнка зацікаўлены ў запрашэнні суайчынніка на замену Яўгену Маркаву, паведамляе Transfermarkt.ru. У гэтым сезоне Шкурын правёў 9 матчаў у чэмпіянаце Расеі і забіў 3 галы.

Ягор Шаранговіч прэтэндуе на званне найлепшага гульца „Нью-Джэрсі” ў красавіку па версіі фанатаў

Беларускі форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч прэтэндуе на званне найлепшага гульца клуба ў красавіку па версіі заўзятараў. У спіс разам з беларусам патрапілі Джэк Х’юз і Майлз Вуд. Пераможца галасавання ў твітары „Девілз” атрымае тысячу даляраў ад спонсара і накіруе гэтыя сродкі на дабрачыннасць па сваім выбары. Шаранговіч пакуль лідыруе ў галасаванні. У красавіку Ягор набраў 14 (7+7) ачкоў у 16 ​​матчах.

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі саступілі харватам на міжнародным турніры

Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-15) няўдала правялі заключны матч на міжнародным турніры ў харвацкім Заграбе. У апошнім паядынку папярэдняй групы беларусы саступілі харвацкім аднагодкам з лікам 1:3. Да гэтага падапечныя Дзмітрыя Караткевіча абыгралі каманды Паўночнай Македоніі – 4:2 і Балгарыі – 2:1. Такім чынам, 9 траўня беларускія футбалісты сустрэнуцца з літоўцамі ў матчы за трэцяе выніковае месца.

Гаварцова і Лапко завяршылі выступленні на тэнісных турнірах у ЗША

Дзве беларускія тэнісісткі не змаглі прабіцца ў паўфінальную стадыю на турнірах у ЗША. Вольга Гаварцова (142-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у чвэрцьфінале спаборніцтваў у Чарльстане саступіла брытанцы Хэрыет Дарт (150) – 7:6 (7:5), 3:6, 4:6.

У 1/4 фіналу спаборніцтваў у горадзе Нейплз беларуска Вера Лапко (333) прайграла ў двух партыях мексіканцы Фернандзе Кантрэрас-Гомэс (458) – 1:6, 4:6.

Сёмая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка сёння сустрэнецца з лідарам сусветнага рэйтынгу аўстралійкай Эшлі Барці ў фінале турніру ў Мадрыдзе.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

© Associated Press