ФК „Дынама” (Менск) развітаўся з галоўным трэнерам Сяргеем Гурэнкам
„Паводле пагаднення бакоў” футбольны клуб „Дынама” (Менск) скасаваў кантракт з 47-гадовым галоўным трэнерам Сяргеем Гурэнкам.
У паведамленні прэс-службы клуба адзначаецца, што яшчэ пасля чацвёртага тура (адбыўся 10—13 красавіка) Гурэнка „прасіў разгледзець варыянт скасавання кантракта паводле пагаднення бакоў, аднак пагадзіўся на просьбу кіраўніцтва клуба працягнуць працу з камандай яшчэ на адну гульню”.
„Сяргей Вітальевіч прыняў каманду ў няпросты момант, у чэрвені 2019-га года… ЗАТ ФК „Дынама-Менск” шчыра дзякуе Сяргею Вітальевічу і яго трэнерскаму штабу за праведзеную работу ў гэты цяжкі перыяд часу”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пераемнік Гурэнкі пакуль не названы.
Гурэнка працаваў з „Дынама” ў 2009—2010 і 2017—2018 гадах. Летась каманда заняла чацвёртае месца ў вышэйшай лізе, а пасля пяці тураў цяперашняга першынства з 6 ачкамі знаходзіцца на 12-м месцы. Сезон каманда пачала з паражэнняў ад дэбютанта, берасцейскага „Руху” (0:1), і „Мінска” (2:3). Затым былі перамога над жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” (2:0), паражэнне ад „Гарадзеі” (0:1) і перамога над гарадзенскім „Нёманам” (2:0).
belapan.by