ФК „Менск” сенсацыйна перамог БАТЭ



У суботу-нядзелю прайшлі 6 матчаў 17 тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Не ўсе яны завяршыліся згодна прагнозам спецыялістаў.

Магілёўскі „Дняпро” трапіў у сапраўдную „яму”. На гэты раз каманда пацярпела паразу на сваім полі ад „Віцебска”. Дняпроўцы адкрылі лік у першым тайме з пенальці, але пасля перапынку прапусцілі двойчы і саступілі 1:2. Гэта ўжо шостая параза запар магілёўцаў у бягучым чэмпіянаце. 

У гэты ж дзень абяскроўленыя „Крумкачы” гасцявалі ў Берасці і прайгралі тамтэйшаму „Дынаму” 0:3. Першыя галы ў нацыянальным чэмпіянаце запісаў на свой рахунак Арцём Мілеўскі, выстраліўшы дуплетам.

„Гарадзея” і мазырская „Славія” у гэты дзень мячоў не забівалі – 0:0.

У нядзелю сапраўдную сенсацыю сатварыла каманда Георгія Кандрацьева. На сталічным стадыёне „Трактар” „Менск” не толькі не прапусціў ад БАТЭ, але і здолеў забіць – поўнавартасныя тры ачкі стрэлам са штрафнога прынёс клубу Дзмітрый Зіновіч. ФК „Менск” перамог 1:0 і перапыніў сваю сумную серыю з шасці матчаў запар без вікторый.

Жодзінскае „Тарпеда”-БелАЗ прымала баявіты „Слуцк”. Тут асноўныя падзеі разгарнуліся пад занавес. На 79-й хвіліне мяч для гаспадароў поля забіў украінец Кірыл Дарашэнка, аднак „цукровыя” паспелі адыграцца – выратавальны гол на 86-й хвіліне запісаў на свой баланс Аляксандр Яцкевіч 1:1.

Гарадзенскі „Нёман” напэўна планаваў узяць тры ачкі ў паядынку з аўтсайдарам – „Іслаччу”, але тая дала сапраўдны бой і заслужана дамаглася нічыі – 1:1. У першым тайме значную тэрытарыяльную перавагу мелі гарадзенцы. Яна лагічна ўвасобілася ў эфектны гол Валерыя Жукоўскага – яго магутны стрэл на 44-й хвіліне прыняла папярэчына, ад якой мяч адскочыў ужо за лінію брамы. У другой палове, аднак, ролі памяняліся – цяпер „Іслач” настойліва кружляла на палове нёманцаў. Некалькі разоў гаспадароў поля ратавала бліскучая рэакцыя галкіпера Сяргея Курганскага. У нёманцаў жа ў адсутнасць Паўла Савіцкага не знайшлося сапраўднага шпільмахера ў сярэдзіне поля. А пасля таго як гарадзенцы не рэалізавалі выдатную сітуацыю стала зразумела пра непазбежнасць расплаты. Так яно і здарылася, што цікава таксама на 44-й хвіліне, толькі другога тайма. „Іслач” зарабіла кутні і пры яго розыгрышы пакінула жоўта-зялёных нямымі статыстамі – мяч галавой забіў Руслан Івашка. Вінаваціць каманда Ігара Кавалевіча ў страце можа толькі сама сябе.

[Not a valid template]

Верх турнірнай табліцы на 6 жніўня выглядае так: 1. „Шахцёр” (Салігорск) –  39 ачкоў, 2. БАТЭ – 36, 3. „Дынама” (Менск) – 34, 4. „Нёман” – 29, 5. ФК „Слуцк” – 29. Салігорцы і дынамаўцы правялі на матч меней.

Беларускае Радыё Рацыя, фота Ладзіка Майніча