ФК „Слуцк” перамог берасцейскае „Дынама”



Футбольны клуб „Слуцк” працягвае радаваць сваіх заўзятараў. У 22 туры нацыянальнага першынства случакі на сваім полі перамаглі берасцейскае „Дынама” – 1:0. Тры ачкі гаспадарам у самай канцоўцы прынёс украінскі легіянер Аляксандр Сафонаў.

А вось канкурэнт случакоў за 4-е месца гарадзенскі „Нёман” засмуціў сваіх прыхільнікаў, саступіўшы ў Наваполацку, здавалася б, безнадзейнаму аўтсайдару – 2:3. Гарадзенцамі ў гэтым паядынку няўдала кіраваў Павел Бацюта, які замяшчаў галоўнага трэнера Ігара Кавалевіча.

Лідар турніру менскае „Дынама” дамаглося сціплай вікторыі над ФК „Менск” – 1:0. Героем гэтай сустрэчы стаў украінец Дзмітрый Хлёбас, які забіў адзіны мяч на 69-й хвіліне.

ФК „Віцебск” адолеў ФК „Гомель” – 1:0 (гол: Ледэсма, 65-я хвіліна).

Сталічныя „Крумкачы” з буйным лікам 0:3 прайгралі жодзінскаму „Тарпеда”, магілёўскі „Дняпро” і „Гарадзея” разышліся мірам – 2:2

Барысаўскі БАТЭ згуляе свой матч 22 тура ў панядзелак з „Іслаччу”. А вось салігорскі „Шахцёр” паспяхова працягнуў пагоню за лідарам. У Мазыры салігорцы не мелі ніякіх праблемаў з мясцовай „Славіяй”. „Краты” перамаглі 3:0 (Дзяніс Лапцеў, 11-я, Піры Сойры, 40-я, Віталь Лісаковіч, 72-я).

Становішча верхняй пяцёркі зараз такое: 1. „Дынама” Мн-52 ачкі 2. „Шахцёр”-50 3. БАТЭ-45, 4. ФК „Слуцк” – 37, 5. „Нёман” – 36. Беларускае Радыё Рацыя