ФК „Слуцк” застаецца на вяршыні турнірнай табліцы
У матчы 7 тура нацыянальнага чэмпіянату па футболе ў суботу, 2 траўня, яркую гульню прадэманстравалі футбалісты жодзінскага „Тарпеда”. У выяздным матчы супраць ФК „Мінск” каманда Юрыя Пунтуса ў першым тайме надзвычай удала контратакавала і прымусіла гаспадароў поля выграбаць мяч з уласнай сеткі ажно чатыры разы. Пры тым хет-трык аформіў нападнік Валеры Гарбачык. У менчукоў эфектны мяч забіў Уладзімір Хвашчынскі. У другім тайме клубы „абмяняліся” галамі і ў выніку ўпэўненую вікторыю 5:2 святкавалі госці. Жодзінцы набралі 14 ачкоў і ненадоўга выйшлі ў лідары першынства.
У наступным матчы дня ў Берасці мясцовы „Рух” і „Гарадзея” разышліся выніковым мірам – 1:1. Прычым гаспадары поля ўратаваліся толькі ў самай канцоўцы сустрэчы.
Пазней ўвечары спаткаліся менскае „Дынама” і „Слуцк”. Сталічны славуты клуб пасля лагічнай і чаканай змены галоўнага трэнера (на месца Сяргея Гурэнкі заступіў Леанід Кучук) турам раней нібыта абнадзеіў сваіх заўзятараў. Але чарговы паядынак дынамаўцам не ўдаўся. „Слуцк” – галоўная сенсацыя чэмпіянату і на гэты раз дамогся перамогі, прычым заслужанай. Лепшымі на гэты раз у складзе случакоў былі цёмнаскурыя легіянеры – Салу і Сірыма аформілі два галы. У першым тайме форвард менчукоў Іван Бахар, трапіўшы ў папярэчыну, не рэалізаваў пенальці.
Усё, што ўдалося дынамаўцам, гэта арганізаваць гол прэстыжу. Вынік 2:1 на карысць „Слуцку”. Каманда Віталя Паўлава набрала ўжо 16 ачкоў і вярнулася на першы радок турнірнай табліцы.
Беларускае Радыё Рацыя