ФХБ перанесла старт фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі
Пачатак фінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі перанесена на дзень. Федэрацыя хакея Беларусі інфармуе пра змяненне дат правядзення серыі матчаў фіналу плэй-оф экстралігі сезона-2019/20 у сувязі з неабходнасцю прадастаўлення магчымасці аднаўлення арганізмам спартоўцаў і ўмацавання іх імунітэту пасля напружаных паўфінальных супрацьстаянняў. Галоўныя гульні сезона стартуюць 27 сакавіка, а не 26-га, як планавалася раней. Адпаведныя змены былі ўнесены ў каляндар спаборніцтваў са згоды ўсіх каманд-удзельніц розыгрышу.
Вызначыліся пары паўфіналістаў Кубка Беларусі па гандболе
У Менску прайшло лёсаванне вырашальных этапаў розыгрышу Кубка Беларусі па гандболе. У паўфіналах мужчынскага кубкавага турніру дзеючы ўладальнік трафея менскі СКА сустрэнецца з магілёўскім клубам „Машэка”, Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова згуляе з гандбалістамі „Гомеля”. Паўфінальныя матчы пройдуць 22 траўня, вырашальны паядынак і сустрэча за бронзу адбудуцца 23 траўня. У жанчын цяперашнія ўладальніцы Кубка краіны гандбалісткі „Гомеля” 16 траўня згуляюць у паўфінале з „Гараднічанкай”, фіналіст мінулага сезону „БНТУ-БелАЗ” будзе супернічаць з „Віцяблянкай”. Фінал і матч за 3-е месца адбудуцца 17 траўня.
Дзяніс Палякоў пакінуў „Урал”
Беларускі абаронца Дзяніс Палякоў пакінуў „Урал”. Клуб з Екацярынбурга адзаявіў гульца 16 сакавіка, паведамляе афіцыйны сайт РПЛ. Растанне з беларусам пацвердзіў і бос „Урала” Рыгор Іваноў. Палякоў правёў за „Урал” 32 матчы і зарабіў пяць жоўтых картак.
Канада і Аўстралія не будуць адпраўляць спартоўцаў на Алімпіяду-2020
Алімпійскі камітэт Канады выступіў з заявай, што не будзе адпраўляць спартоўцаў на летнюю Алімпіяду 2020 года, калі Гульні не перанясуць на год з-за каронавіруса.
„Мы перажываем разгар глабальнага крызісу ў галіне аховы здароўя, які значна важней спорту”, – адзначаюць канадцы.
З аналагічнай заявай выступіў НАК Аўстраліі, які адзначыў, што ва ўмовах пандэміі каронавіруса сабраць каманду да Алімпіяды-2020 будзе немагчыма, і яны будуць рыхтавацца з улікам магчымасці правядзення галоўных стартаў чатырохгоддзя ў наступным годзе.
ЧЕ па самба перанесены з траўня на верасень
Чэмпіянат Еўропы па самба ў Екацярынбургу перанесены. Такое рашэнне было прынята выканкамам Еўрапейскай федэрацыі самба (ЕФС). Спаборніцтвы першапачаткова павінны былі прайсці 21-25 траўня, але з-за эпідэміялагічнай сітуацыі з каронавірусам новымі датамі прызначаныя 17-21 верасня.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя