Форвард «Славіі» прызнаны найлепшым гульцом 2-га тура ЧБ



Расейскі форвард мазырскай «Славіі» Мікіта Мельнікаў прызнаны найлепшым гульцом другога тура футбольнага чэмпіянату Беларусі.

У хатняй гульні супраць віцэ-чэмпіёна краіны барысаўскага БАТЭ 23-гадовы Мікіта Мельнікаў аформіў галявы дубль, дзякуючы чаму мазыране выйгралі з лікам 2:1. У стартавым туры найлепшым гульцом быў прызнаны ўзбекскі форвард менскага «Энергетыка-БДУ» Джусарбек Яхшыбоеў, які двойчы вызначыўся ў пераможным паядынку з БАТЭ (3:1).

Новыя тэрміны Алімпіяды-дня 2020: Гульні ў Токіа пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), аргкамітэт Гульняў, улады Токіа і ўрад Японіі ўзгаднілі даты правядзення спаборніцтваў: Алімпіяда пройдзе з 23 ліпеня па 8 жніўня, а Паралімпіяда – з 24 жніўня па 5 верасня. 24 сакавіка было прынята рашэнне аб пераносе АГ-2020 на 2021 год у сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса. Раней Томас Бах пацвердзіў, што кваліфікаваныя на Гульні ў Токіа спартоўцы патрапяць на АГ у 2021 годзе без адбору.

«Калеў» скасаваў усе кантракты з гульцамі і разглядае магчымасць закрыцця клуба

Чэмпіён Эстоніі баскетбольны клуб «Калеў» скасаваў усе кантракты з гульцамі і разглядае магчымасць поўнай ліквідацыі клуба. У канцы мінулага тыдня кіраўніцтва «Калева» абвясціла, што клуб будзе вымушаны завяршыць сезон датэрмінова з-за надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса. Да гэтага ў аднаго з членаў каманды быў таксама дыягнаставаны каронавірус. Па словах прэзідэнта клуба, «Калеў» не далічыўся даходаў ад квіткоў за вырашальныя гульні, а спонсарскія выплаты звычайна паступаюць па выніках сезону. Таму дэфіцыт клубнага бюджэту на дадзены момант складае больш за мільён еўра і каманда можа папросту спыніць існаванне.

АПЛ хоча дайграць сезон у ізаляваных лагерах у чэрвені-ліпені

Стала вядома, як можа быць дагуляны сезон англійскай прэм’ер-лігі ва ўмовах пандэміі каронавіруса. Прэмʼер-ліга распрацавала план, паводле якога матчы могуць прайсці ў ізаляваных лагерах у Лондане і цэнтральных частках краіны з чэрвеня па ліпень. Гульні будуць транслявацца па тэлебачанні. Хутчэй за ўсё, будуць выкарыстаныя трэніровачныя базы клубаў, а не стадыёны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ФК „Славія”